ЗША перададуць Украіне вайсковыя катэры

Украінскія вайсковыя караблі ў Азоўскім моры.

Злучаныя Штаты перададуць Украіне два катэры берагавой аховы. Цырымонія перадачы заплянаваная на 27 верасьня ў амэрыканскім горадзе Балтыморы, гаворыцца ў заяве берагавой аховы Ўкраіны.

Чакаецца, што ў цырымоніі возьмуць удзел прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і віцэ-адмірал Берагавой аховы ЗША Майкл Макалістэр.

Гаворка ідзе пра катэры «Drummond» і «Cushing» клясы «Island». Яны былі пабудаваныя 30 гадоў таму і здольныя выконваць баявыя заданьні ў складаных марскіх умовах, у тым ліку падчас моцнага шторму.

Злучаныя Штаты перадаюць катэры Ўкраіне на фоне абвастрэньня сытуацыі ў Азоўскім моры. Паводле Кіева, Расея незаконна затрымлівае замежныя караблі, якія накіроўваюцца ва ўкраінскія парты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Караблі Ўкраіны прайшлі Крымскі мост для будаўніцтва марской базы

Да канца году Ўкраіна мае намер стварыць вайсковую базу ў Азоўскім моры. Туды ўжо прыбылі некалькі вайсковых караблёў. Акрамя таго, Кіеў накіраваў у рэгіён спэцпадразьдзяленьні памежнай службы.

ЗША раней заклікалі Расею спыніць затрыманьні ў Азоўскім моры. Расейскі бок у адказ абвінаваціў Украіну ў «пірацтве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцпрадстаўнік ЗША па Ўкраіне: большасьць расейскіх вайскоўцаў на Данбасе — кантрактнікі

Улады ЗША і Ўкраіны дамовіліся пра пастаўку катэраў яшчэ ў 2014 годзе, але празь бюракратычныя праблемы атрыманьне катэраў зацягнулася на гады. Працэс зрушыў зь месца толькі пасьля выхаду ў сьвет расьсьледаваньня праграмы «Схемы» (сумеснага праекту Радыё Свабода і тэлеканала «UA: Першы») сёлета ўвесну.

Журналісты высьветлілі, што ўкраінскі бок наўмысна зацягвае перадачу катэраў, бо завод прэзыдэнта Парашэнкі атрымлівае дзяржаўныя заказы на вытворчасьць караблёў для ўкраінскага флёту.

Пасьля выхаду расьсьледаваньня ў Вайскова-марскіх сілах Украіны заявілі, што яно «гуляе на руку агрэсару» і ў ім «скажоныя факты». Рэдакцыя праграмы «Схемы» цалкам адмаўляе гэтыя абвінавачваньні.