Трамп у ААН: ЗША «адрэагуюць», калі рэжым Асада ўжыве хімічную зброю

Дональд Трамп

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп выступае з прамовай на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, якая праходзіць у Нью-Ёрку.

Трамп заявіў, што ЗША, паважаючы інтарэсы іншых краін, разьлічваюць на такую ж павагу інтарэсаў ЗША. Паводле амэрыканскага прэзыдэнта, Вашынгтон працуе з Паўночнай Карэяй, каб пераадолець пагрозу канфлікту. Інтарэсам абедзьвюх краін адпавядае дэнуклеарызацыя Паўночнай і Паўднёвай Карэі. Трамп падзякаваў паўночнакарэйскаму лідэру Кім Чэн Ыну за супрацоўніцтва, але адзначыў, што амэрыканскія санкцыі будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль ня будзе дасягнута поўная дэнуклеарызацыя.

Гаворачы пра «трагедыю ў Сырыі», Трамп запэўніў, што ЗША «адрэагуюць» у выпадку, калі рэжым Асада ўжыве хімічную зброю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль адказаў на абвінавачваньні Расеі наконт крушэньня Іл-20

Прэзыдэнт ЗША выступіў з асуджэньнем на адрас Ірану, настойваючы на ядзерным раззбраеньні гэтай дзяржавы. Ён раскрытыкаваў ранейшае міжнароднае пагадненьне з Іранам, адзначыўшы, што менавіта пасьля гэтага пагадненьня Іран значна павялічыў свой вайсковы бюджэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры поўныя працы дні Дональда Трампа ў ААН

У сераду Дональд Трамп будзе старшыняваць на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН, прысьвечаным нераспаўсюду зброі масавага зьнішчэньня. Чакаецца, што размова пойдзе пра ядзерную праграму Ірана і пра хімічную зброю ў Сырыі.