Дарадца прэзыдэнта ЗША назваў «сур’ёзнай памылкай» расейскі плян паставіць С-300 Сырыі

Зэнітны ракетны комплекс С-300

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што разьлічвае на сустрэчу з міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у сытуацыі, калі Вашынгтон занепакоены плянамі Масквы паставіць у Сырыю зэнітны ракетны комплекс С-300.

Паводле Пампэо, ён чакае, што сустрэча з Лаўровым адбудзецца ў кулюарах Генэральнай Асамблеіі ААН, якая пачнецца 25 верасьня. Пампэо дадаў, што ЗША лічаць Маскву «адказнай» за дзеяньні супраць ЗША ў шмат якіх сфэрах.

Раней сёньня міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што ягоная краіна на працягу двух тыдняў перадасьць арміі прэзыдэнта Сырыі Башара Асада комплекс С-300. Такое рашэньне было прынятае пасьля таго, як Масква ўсклала на Ізраіль адказнасьць за гібель расейскага самалёта Іл-20 над Сырыяй — пры тым, што зьбіты ён быў агнём сырыйскай супрацьпаветранай абароны (СПА).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пацьвердзіла, што яе самалёт зьбілі войскі Асада. Але вінаваціць Ізраіль

Адначасова Масква вырашыла забясьпечыць сырыйскія войскі аўтаматызаванымі сыстэмамі кіраваньня СПА. Як падкрэсьліў Шайгу, цяпер яны пастаўляюцца толькі ў расейскія Ўзброеныя сілы. Паводле міністра, гэта забясьпечыць «цэнтралізаванае кіраваньне ўсімі сіламі і сродкамі СПА Сырыі». Гэтыя сыстэмы дазволяць сірыйскім вайскоўцам ідэнтыфікаваць расейскія самалёты, адзначыў Шайгу.

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан заявіў, што такое рашэньне Расеі гэта «сур’ёзная памылка» і «значная эскаляцыя канфлікту ў Сырыі».