Кіраўнік МЗС Ірану: адказ на тэракт у Ахвазе будзе «рашучы»

Ахваз, 22 верасьня 2018

Адказнасьць за напад на гледачоў і ўдзельнікаў параду ў горадзе Ахваз на паўднёвым захадзе Ірану, у выніку якога загінулі як найменей 24 чалавекі, узялі на сябе дзьве тэрарыстычныя групоўкі — «Ісламская дзяржава» і «Арабскі рух барацьбы за вызваленьне Ахвазу».

Двое тэрарыстаў былі забітыя. Паліцыя арыштавала яшчэ дваіх падазраваных у датычнасьці да нападу. Іранскі дзяржаўны тэлеканал лічыць, што мэтай нападу мелася быць трыбуна, дзе падчас параду стаялі мясцовыя чыноўнікі.

Парады з нагоды чарговай гадавіны пачатку ірана-ірацкай вайны (1980 — 1988) праводзяцца штогод у многіх гарадах краіны. Але тэракт адбыўся толькі ў Ахвазе, адзначае «Голас Амэрыкі». Паводле некаторых зьвестак, большасьць загінулых — члены іранскай элітнай баявой арганізацыі «Вартаўнікі ісламскай рэвалюцыі».

Вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў, што тэракт быў сплянаваны «рэгіянальнымі дзяржавамі-марыянэткамі ЗША», і загадаў спэцслужбам неадкладна прыцягнуць да адказнасьці ўсіх вінаватых.

Мухамад-Джавад Зарыф, кіраўнік іранскага МЗС, абвінаваціў у арганізацыі нападу «рэгіянальных спонсараў тэрарызму» і «іх амэрыканскіх гаспадароў». Пад «рэгіянальнымі спонсарамі тэрарыстаў» іранскія чыноўнікі звычайна маюць на ўвазе Саудаўскую Аравію і Ізраіль.

Зарыф паабяцаў, што Іран адкажа на напад «хутка і рашуча».