Жыхары Сьветлагорску сьвяткуюць Дзень гораду з чорнымі шарамі

Фатаздымкі дасланыя на РС ананімнымі ўдзельнікамі Сьвята гораду

У Сьветлагорску сёньня сьвята — Дзень гораду. Частка мясцовых жыхароў прыйшла на афіцыйныя мерапрыемствы ў мэдыцынскіх масках і з чорнымі паветранымі шарамі.

«Пасьля флэшмобу ў мінулую суботу ўлады правялі „растлумачальную працу“ па школах, арганізацыях і прадпрыемствах. Людзей застрашвалі, каб яны ні ў якім разе не прыходзілі на сьвята гораду з зялёнымі шарамі. Менавіта пад такімі колерамі шароў прайшоў флэшмоб. Тады людзі вырашылі, мусіць, прыйсьці з чорнымі шарамі», — патлумачыла праваабаронца Алена Масьлюкова.

Таксама ўдзельнікі акцыі выйшлі на сьвята ў мэдыцынскіх масках. Такім чынам яны выказалі сваё абурэньне шкоднымі выкідамі і смуродам з новага кітайскага заводу.

Тыдзень таму каля 200 сьветлагорцаў зладзілі флэшмоб на цэнтральнай плошчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Арыштуй нас! Усё роўна, дзе паміраць». Флэшмоб супраць «сьмярдзючага» заводу ў Сьветлагорску

Пазьней міліцыя склала пратаколы на грамадзкага актывіста Анатоля Зьмітровіча і праваабаронцу Алену Масьлюкову. Іх міліцыя палічыла адказнымі за флэшмоб. РАУС прызнаў яго «несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам».