Літву прызналі лідэрам у барацьбе з падрыўной дзейнасьцю Расеі

Красная плошча ў Маскве

Разьмешчаная ў Чэхіі недзяржаўная арганізацыя European Values прызнала краіны Балтыі лідэрамі ў барацьбе з расейскай «падрыўной дзейнасьцю». Пра гэта сьведчыць рэйтынг Kremlin Watch з 28 краінаў Эўразьвязу.

Лідэрам рэйтынгу прызнаная Літва. Згодна з дакумэнтам, яна лепш за астатніх разумее небясьпеку з боку Расеі і хутчэй за ўсіх зьніжае энэргазалежнасьць ад яе. За Літвой ідуць Латвія, Эстонія, Швэцыя і Вялікабрытанія. Аўтары справаздачы прыйшлі да высновы, што ўрады гэтых дзяржаваў найлепшым чынам клапоцяцца пра сваю дэмакратыю. Дзякуючы гэтаму, у Расеі няма магчымасьцяў пасьпяхова весьці гібрыдную вайну супраць іх, вынікае з дакладу. Сярод іншага, у гэтых краінах найбольш мякка ставяцца да свабоды СМІ, а радыкальныя палітычныя сілы не карыстаюцца посьпехам.

Аналітыкі правяралі, ці распрацоўвае краіна прэвэнтыўныя меры супраць «расейскай пагрозы», наколькі сыстэмнымі гэтыя меры, у якой ступені дзяржава ўцягнутая ў супрацоўніцтва з Крамлём, ці схільная палітычная сыстэма краіны да ўплыву з боку Масквы, а таксама тое, якое месца ў палітыцы краіны займаюць пытаньні вайсковай абароны, бясьпекі і барацьбы з дэзінфармацыяй.

Найбольшую заклапочанасьць у складальнікаў справаздачы выклікалі краіны, якія ў дакумэнце названыя «саюзьнікамі» Масквы, а менавіта: Кіпр і Грэцыя. Вугоршчына, Аўстрыя, Люксэмбург, Мальта, Партугалія, Славенія і Італія аднесеныя да краін, якія лічаць за лепшае не заўважаць пашырэньня расейскага ўплыву. Пры гэтым Харватыя, Ірляндыя, Баўгарыя і Славаччына не наважваюцца крытыкаваць «варожае» узьдзеяньне Крамля на ўнутраную палітыку, гаворыцца ў справаздачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея ўжо пачала ўсясьветную гібрыдную вайну», — Парашэнка

Згодна з дакумэнтам, у праблемных краінах частка прэсы працуе на палітыкаў, якія атрымліваюць падтрымку Расеі і выступаюць супраць санкцыяў у дачыненьні да яе. У ліку праблем — наяўнасьць у такіх краінах радыкальных сілаў, якія фінансуюцца Масквой, расейскіх шпіёнскіх сетак і шчыльнае энэргетычнае супрацоўніцтва з Расеяй, сказана ў дакладзе.

Масква неаднаразова адмаўляла закіды на свой адрас у вядзеньні гібрыднай вайны супраць краін Захаду.​