Украіна ўзмацніла кантроль за пастаўкамі вайсковай прадукцыі зь Беларусі

Гранатамёт СПГ-9 ў зоне канфлікту ва Ўкраіне, ілюстрацыйнае фота

Урад Украіны ўзмацніў кантроль за пастаўкамі вайсковай прадукцыі, якія ажыцьцяўляюцца ў межах міжурадавага пагадненьня зь Беларусьсю аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацый абаронных галін прамысловасьці.

Цяпер усе кантракты павінна ўзгадняць ня толькі Дзяржаўная служба экспартнага кантролю Ўкраіны, але і Міністэрства абароны, Служба бясьпекі, Служба зьнешняй выведкі ды Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны. Як тлумачаць ва ўрадзе, дадатковы кантроль «будзе спрыяць прадухіленьню рээкспарту такіх тавараў зь Беларусі ў трэція краіны».

Беларусь і Ўкраіна падпісалі пагадненьне аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацый абаронных галін прамысловасьці ў 2001 годзе. Дакумэнт дзейнічае на працягу трох гадоў і аўтаматычна падаўжаецца на наступны пэрыяд. У выпадку ж, калі дзеяньне пагадненьня будзе спынена, ягоныя палажэньні працягваюць дзейнічаць у дачыненьні да кантрактаў, заключаных раней суб’ектамі гаспадараньня.

Беларускую прадукцыю рээкспартавалі ў Конга

Вядома, што праваахоўныя органы Ўкраіны вось ужо пяць гадоў расьсьледуюць справу аб незаконных пастаўках зброі ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга ў 2004-м. Тады ў дачыненьні да гэтай краіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі. Але, нягледзячы на забарону, украінскае дзяржаўнае прадпрыемства «Укроборонсервіс» падпісала кантракт на пастаўку «вайсковай маёмасьці» кангалескаму Міністэрству нацыянальнай абароны, дэмабілізацыі і вэтэранаў вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лідэрах бяз дэмпінгу. Чаму ва Ўкраіне аддаюць перавагу беларускай аўтатэхніцы

Для выкананьня кантракту «Укроборонсервіс» набываў прадукцыю на сямі ўкраінскіх абаронных прадпрыемствах і адным беларускім — «Белспэцзьнештэхніка».

Паводле праваахоўных органаў, гаворка аб продажы

  • 6 тысяч 125-мілімэтровых набояў да танкаў Т-72,
  • 3 тысяч 122-мілімэтровых набояў для гармат Д-30,
  • 20 тысяч набояў УОФ7 і ОФЗ ЗП-23,
  • 25 тысяч набояў ВОГ-17М да АГС-17,
  • 8 тысяч мін ВОФ-843Б да мінамётаў,
  • 500 рэактыўных снарадаў 9М28Ф да БМ-21,
  • 100 гранатамётаў СПГ-9М,
  • 100 кулямётаў ПКМ,
  • 26 мінамётаў і 130 гранатамётаў АГС-17,
  • 100 танкаў Т-55.

Якая прадукцыя з гэтага пераліку мела беларускае паходжаньне, не ўдакладняецца. Адначасова сьледчыя правяралі верагоднасьць экспарту ў Конга тых боепрыпасаў, якія падлягалі ўтылізацыі ў межах міжнародных абавязаньняў Украіны.

Не абышлося без скандалу

У ліпені 2005 году, праз год пасьля рэалізацыі кантракту з урадавай структурай Конга, брытанскае выданьне Sunday Times на падставе справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International абвінаваціла Ўкраіну ў гандлі зброяй у абыход рэзалюцый ААН. Паводле выданьня, гаворка ішла ўжо аб продажы вайсковай прадукцыі не Міністэрству абароны, а паўстанцам Конга. Тады ж у «чорны сьпіс» нелегальных пастаўшчыкоў трапілі Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Харватыя, Чэхія, Ізраіль, Расея, ПАР, Вялікая Брытанія і ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пацьвердзілі дастаўку супрацьтанкавых комплексаў «Джэвэлін» ва Ўкраіну

Тагачасныя афіцыйныя ўлады Ўкраіны зьняпраўджвалі гэтую інфармацыю. Сьпікер Вярхоўнай Рады Ўладзімер Літвін заявіў, што ва Ўкраіне «вельмі шмат змагароў за справядлівасьць, якія зацікаўленыя ў тым, каб відавочны і надуманы бруд вынесьці за межы Ўкраіны».

Цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, які ў той час узначальваў Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны, назваў гэтыя абвінавачаньні «неабгрунтаванымі і бяздоказнымі», спробай дыскрэдытаваць Украіну ў вачах сусьветнай грамадзкасьці. Украінскае МЗС таксама пацьвердзіла, што Ўкраіна «няўхільна прытрымліваецца сваіх міжнародных абавязаньняў у сфэры кантролю за гандлем зброяй».

Шэраг украінскіх экспэртаў выказвалі тады меркаваньні, што Ўкраіну такім чынам спрабуюць выціснуць зь міжнароднага рынку ўзбраеньняў.

Але праз 8 гадоў пасьля скандалу пастаўкамі зброі ў Конга ўсё ж зацікавіліся праваахоўныя органы. Крымінальная справа адкрыта паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб прысваеньні і растраце маёмасьці, а таксама за парушэньні парадку міжнароднай перадачы тавараў, якія падлягаюць дзяржаўнаму экспартнаму кантролю.

На мінулым тыдні сьледчыя атрымалі ў судзе допуск да дакумэнтаў Дзяржаўнай службы экспартнага кантролю Ўкраіны, якая дае дазволы на права ажыцьцяўленьня экспарту тавараў вайсковага і падвойнага прызначэньня. Цяпер сьледзтва вывучыць яшчэ і адпаведныя дакумэнты, якія выдаваліся «Укроборонсервісу» ў 2014–2016 гадах.