Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі кантракт фігуруе ва ўкраінскім расьсьледаваньні гандлю вайсковай тэхнікай 


Cамаходны паром ПММ-2.

Служба бясьпекі Ўкраіны расьсьледуе крымінальную справу пра парушэньне парадку міжнароднага гандлю вайсковай тэхнікай, у якой фігуруе экспартны кантракт беларускага прадпрыемства «Белспэцзьнештэхніка» (Белспецвнештехника, Belspetsvneshtechnika).

Як вынікае зь некалькіх судовых рашэньняў, абнародаваных у Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны, справу распачалі сёлета ў траўні.

Паведамляецца, што ўкраінская кампанія «Транс-Логістик» перавозіла праз украінскую тэрыторыю тавары ваеннага прызначэньня без адпаведнага дазволу Дзяржаўнай службы экспартнага кантролю Ўкраіны.

У судовым рашэньні ўдакладняецца, што гаворка ідзе пра 15 самаходных паромаў ПММ-2, якія зь Беларусі перавезьлі чыгункай у Мікалаеўскі марскі порт для далейшага транспартаваньня.

Ніякіх паромных машын на нашых складах няма.

У Мікалаеўскай кампаніі «Ольвія», на склад якой былі перамешчаныя паромы, Свабодзе паведамілі, што ня маюць інфармацыі пра гэтую крымінальную справу. «Ніякіх паромных машын на нашых складах няма. Ніякіх лістоў ад „Транс-Логістик“ пра абслугоўваньне грузаў мы не атрымлівалі. І ніякіх судовых рашэньняў таксама ня маем», — адзначыў супрацоўнік кампаніі.

Паводле крыніцы, блізкай да праваахоўных органаў Украіны, ва ўкраінскага боку няма заўваг, абвінавачаньняў ці прэтэнзіяў да беларускага экспартэра, але сьледзтва працягваецца адносна ўкраінскай кампаніі «Транс-Логістик».

«Белспэцзьнештэхніка» у зваротах адносна транзытнага транспартаваньня свайго грузу ідэнтыфікавала яго адпаведна міжнародных правілаў. І як толькі у гэтым кантракце быў зьменены ўкраінскі экспэдытар, груз пайшоў далей, адпаведна кантракту», — паведаміў суразмоўца. У той жа час, ён адмовіўся назваць канчатковы пункт дастаўкі самаходных паромаў ПММ-2.

Дзяржаўнае зьнешнегандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Белспэцзьнештэхніка» уваходзіць у склад Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі. На рынку гандлю ўзбраеньнем і ваеннай тэхнікай прадпрыемства працуе з 1995 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG