Удзельнік Pussy Riot, хутчэй за ўсё, быў атручаны, — нямецкія мэдыкі

​​Пётр Вярзілаў, архіўнае фота

Удзельнік расейскага гурту Pussy Riot Пётр Вярзілаў, хутчэй за ўсё, быў атручаны. Да такой высновы, як паведамляе Reuters, прыйшлі лекары бэрлінскай клінікі, дзе цяпер знаходзіцца актывіст.

Паводле мэдыкаў, супраць Вярзілава выкарыстоўвалі рэчыва, якое ўплывае на нэрвовую сыстэму. Што гэта за рэчыва, пакуль невядома. Лекары дадалі, што жыцьцю ўдзельніка Pussy Riot ўжо нічога не пагражае, але ён усё яшчэ мае патрэбу ў інтэнсіўнай мэдычнай дапамозе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаваных з Pussy Riot выпусьцілі. І адразу зноў затрымалі

Пётр Вярзілаў трапіў у рэанімацыю ў Маскве 11 верасьня, калі ён пачаў губляць зрок, маўленьне і здольнасьць перасоўвацца. Гэта адбылося неўзабаве пасьля пасяджэньня суду, дзе разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненьні да ягонай дзяўчыны — Веранікі Нікульшынай.

15 верасьня Вярзілава адправілі на лячэньне ў Берлін. Блізкія актывіста лічаць, што яго маглі атруціць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Pussy Riot выпусьцілі песьню пра добрага міліцыянта. Відэа

Пётр Вярзілаў — выдавец праекту «Медиазона». Ён таксама ўдзельнічаў у акцыях Pussy Riot, апошні раз — падчас фіналу чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі. Тады ён разам са сваімі паплечнікамі выбег на поле ў паліцэйскай форме. Мэтай акцыі было заяўлена вызваленьне палітычных вязьняў, а таксама спыненьне незаконных арыштаў на мітынгах і крымінальных спраў за рэпосты ў сацыяльных сетках. За гэтую акцыю Верзілаву і яшчэ тром удзельнікам Pussy Riot прызначылі па 15 сутак арышту.