У Гданьску трое палякаў зьбілі беларускую сям’ю

Ілюстрацыйнае фота. Польская паліцыя

Паліцыянты з Гданьска затрымалі 7 верасьня трох мужчын (49, 50 і 52 гадоў), якія па этнічных прыкметах зьневажалі і дыскрымінавалі суседзяў-беларусаў. Канфлікт паміж мужчынамі і беларусамі працягваўся з траўня 2018 году, калі сям’я зь Беларусі пераехала ў Гданьск, паведамляе польскае выданьне Gazeta Wybоrcza.

«Суседзі з самага пачатку ставіліся без сымпатыі да сям’і зь Беларусі. Ахвяры імкнуліся пазьбягаць канфліктаў з суседзямі, нягледзячы на гэта мужчыны абражалі і зьневажалі сям’ю», — расказвае выданьню асьпірант паліцыі Карына Каміньска з гарадзкой паліцыі.

У сераду мужчыны напалі на суседа зь Беларусі. Яны ўдарылі яго ў галаву, цягнулі за рукі, напалі на жонку, якая спрабавала дапамагчы мужу. Праз два дні нападнікаў арыштавалі.

Пракурор абвінаваціў 52-гадовага мужчыну ў дыскрымінацыі, зьнявазе паводле нацыянальнай прыкметы і пагрозах. Дваіх іншых палякаў дадаткова абвінавацілі ў нанясеньні цялесных пашкоджаньняў.

Ім пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзікасьць поўная». У польскім Голдапе месьцічы жорстка зьбілі беларусаў

У красавіку 2018 году група маладых палякаў з Голдапа (Вармінска-Мазурскае ваяводзтва) напала на сямёх беларусаў, якія жывуць і працуюць у гэтым горадзе. Хуліганы выкарысталі сьлезацечны газ, аднаго зь беларусаў зьбілі бутэлькай па галаве. Нападнікам пагражае да 7,5 года пазбаўленьня волі.