Чым падобныя і чым розныя Лукашэнка і Мірзіёеў?

Шаўкат Мірзіёеў

12 верасьня пачнецца візыт Аляксандра Лукашэнкі ўва Ўзбэкістан.

Раней у рангу кіраўнікоў дзяржаваў Лукашэнка і Мірзіёеў сустракаліся 4 разы — у 2016 годзе, калі беларускі кіраўнік наведаў Узбэкістан, каб аддаць даніну памяці памерламу прэзыдэнту Ісламу Карымаву, у 2017 годзе ў Сочы на саміце СНД і ў Пэкіне на форуме «Пояс і шлях», сёлета на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Кітаі.

Параўнайма лідэраў дзьвюх дзяржаваў.

Таямніца сям’і: хто бацька Лукашэнкі і якое імя маці Мірзіёева

Шаўкат Мірзіёеў нарадзіўся ў Зааміне — пасёлку гарадзкога тыпу Джызацкай вобласьці Ўзбэкістану.

Яго бацька Мірамон Мірзіёеў быў галоўным лекарам сухотнага дыспансэру ў Зааміне. Імя маці цяперашняга прэзыдэнта невядомае, вядома, што яна працавала санітаркай у шпіталі, якім яе муж кіраваў, памерла ў маладосьці ад сухотаў костак, якімі заразілася выпадкова на працы.

Шаўкат Мірзіёеў мае дзьвюх родных сясьцёр і адзінакроўных брата і сястру ад другога шлюбу бацькі.

Пра бацьку кіраўніка Беларусі наадварот, афіцыйна вядомае толькі яго імя — Рыгор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што можна зрабіць у цені «падышаха»? Узбэцкі журналіст пра візыт Лукашэнкі ў Ташкент

Знаўцы вясковых праблемаў

Алясандар Лукашэнка завочна скончыў эканамічны факультэт Беларускі сельскагаспадарчай акадэміі, працаваў намесьнікам старшыні калгасу «Ўдарнік», сакратаром парткаму калгасу імя Леніна, потым стаў дырэктарам саўгасу «Гарадзец» (усе ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласьці).

Шаўкат Мірзіёеў скончыў Ташкенцкі інстытут інжынэраў ірыгацыі і мэханізацыі сельскай гаспадаркі (ТІІІМСГ). У 1981–1992 гадах працаваў у інстытуце, які скончыў, — ад малодшага навуковага супрацоўніка да першага прарэктара. Падчас працы ў інстытуце атрымаў ступень кандыдата тэхнічных навук.

Мясцовы кіраўнік і дэпутат парлямэнту

У 1990 годзе, яшчэ ў савецкія часы, падчас працы ў інстытуце інжынэраў ірыгацыі, Мірзіёеў быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Ўзбэкістану.

Далейшая службовая карʼера — кіраўнік адміністрацыі (хакім) розных тэрытарыяльных адзінак: раёну Ташкенту, потым спачатку роднай Джызацкай вобласьці, ў 2001–2003 гадох — хакім адной з найбуйнейшых вобласьцяў краіны, Самаркандзкай.

Аляксандар Лукашэнка да прыходу ў палітыку высокіх пасадаў не займаў. У Вярхоўны Савет Беларусі ён быў абраны ў той жа год, што і Мірзіёеў — у ВС УзССР.

Лукашэнка заставаўся дэпутатам (стаўшы кіраўніком часовай антыкарупцыйнай парлямэнцкай камісіі) і з дэпутатаў быў абраны прэзыдэнтам.

«Моцны гаспадарнік» і «цяжкавагавік»

У 2003–2016 гадох Шаўкат Мірзіяеў узначальваў урад Узбэкістану. Прэмʼер-міністар (2003–2016).

Інтрыга ля труны Карымава

Пасьля сьмерці ў 2016 годзе шматгадовага кіраўніка Ўзбэкістану Іслама Карымава спачатку паводле Канстытуцыі выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта стаў сьпікер сэнату Нігматула Юлдашаў. Аднак празь некалькі дзён ён узяў самаадвод з пасады. Парлямэнт зацьвердзіў выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта тагачаснага прэмʼера Шаўката Мірзіёева.

На думку некаторых юрыстаў і палітыкаў, фактычная перадача часовай улады ад Юлдашава Мірзіёеву была антыканстытуцыйнай. Гэты эпізод азначаў палітычную перамогу Мірзіёева ў барацьбе за спадчыну Карымава і ўладу над Узбэкістанам.

Аляксандар Лукашэнка падчас наведаньня магілы Іслама Карымава (ззаду зьлева Шаўкат Мірзіёеў), кастрычнік 2016 г.

​«Элегантныя перамогі»

У сьнежні 2016 году Мірзіёеў быў абраны прэзыдэнтам Узбэкістану. Паводле афіцыйных дадзеных, яўка на выбарах склала каля 88%, пры гэтым пераможца атрымаў 89%.

Гэта больш, чым у Аляксандра Лукашэнкі за ўвесь час яго кіраваньня, хаця і сувымерна з афіцыйнымі вынікамі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Паводле ЦВК Беларусі, Лукашэнка на прэзыдэнцкіх выбарах атрымліваў наступныя адсоткі галасоў падтрымкі: 1994 — 80%, 2001 — 76%, 2006 — 83%, 2010 — 80%, 2015 — 83%.

Адносна свабоднымі ў Беларусі былі толькі першыя прэзыдэнцкія выбары, ва Ўзбэкістане ніякія не былі свабоднымі.

Шаўкат Мірзіёеў з жонкай Зіраатхон і ўнукам на выбарчым участку, сьнежань 2016 г.

​«Мяккая лібэралізацыя» Мірзіёева

Узбэкістан за Карымава быў адным з самых жорсткіх, рэпрэсіўных рэжымаў у сьвеце, паводле міжнародных рэйтынгавых агенцтваў краіна паводле ўзроўню палітычных і грамадзянскіх свабодаў была ў самым канцы сьпісу, побач з Туркмэністанам і Паўночнай Карэяй.

Мірзіёеў пачаў рабіць невялікія крокі ў бок лібэралізацыі ў розных сфэрах грамадзкага жыцьця.

Былі вызваленыя 18 палітычных зьняволеных, хаця тысячы палітвязьняў застаюцца за кратамі. Каля 16 тысяч чалавек былі зьнятыя з уліку ў якасьці «патэнцыйных экстрэмістаў».

У 2017 годзе Мірзіёеў скасаваў выязныя візы для грамадзян краіны і ўвёў біямэтрычныя замежныя пашпарты. Таксама былі скасаваныя некаторыя абмежаваньні на ўязны турызм. У 2018 годзе ўведзены бязьвізавы рэжым тэрмінам на 30 дзён для грамадзян сямі дзяржаваў — Ізраілю, Інданэзіі, Паўднёвай Карэі, Малайзіі, Сынгапуру, Турэччыны і Японіі.

Сярод іншага прэзыдэнт Мірзіёеў прыняў рашэньне адкрыць пасольства Ўзбэкістану ў Беларусі, да апошняга часу паслом у Беларусі па сумяшчальніцтве быў узбэцкі пасол у Расеі.

«Вялікая чыстка» і сьціраньне памяці пра Карымава

Ужо напачатку прэзыдэнцтва Мірзіёева пачалася чыстка сілавых і праваахоўных структураў краіны. У 2017 годзе ён абвясьціў, што органы пракуратуры варта цалкам ачысьціць ад супрацоўнікаў, якія пачалі працаваць пры Карымаву. Паводле новага прэзыдэнта, «пракуроры ёсьць найбольшымі злодзеямі, якія засталіся ад старой сьмецьцевай сыстэмы». Ужо ў жніўні 2017 году былі замененыя 80% супрацоўнікаў пракуратуры.

Быў адпраўлены ў адстаўку шэраг кіраўнікоў Службы нацыянальнай бясьпекі, у тым ліку і яе шматгадовы кіраўнік Рустам Інаятаў. Прэзыдэнт параўнаў практыкі СНБ за Карымава зь дзейнасьцю НКВД СССР у 1937 годзе.

Шаўкат Мірзіёеў і Рустам Інаятаў, каляж

У жніўні 2018 году рэдактараў усіх тэлеканалаў у складзе Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ўзбэкістану папярэдзілі, каб імя нябожчыка прэзыдэнта Іслама Карымава з гэтага часу наагул ня згадвалася ў эфіры.

Партрэты і скульптуры былога прэзыдэнта па ўсёй краіне прыбіраюцца, у некаторых ВНУ яго кнігі адпраўляюць на макулятуру.

Супраць родзічаў былога прэзыдэнта пачалі шэраг крымінальных справаў, дачка Карымава Гульнара апынулася за кратамі.

Гульнара Карымава з бацькам, прэзыдэнтам Карымавым

​Пацісканьне рук з прэзыдэнтам ЗША

Першы замежны візыт у рангу прэзыдэнта Мірзіёеў зрабіў у суседні Туркмэністан.

У 2018 годзе ў чэрвені Шаўкат Мірзіёеў наведаў з афіцыйным візытам Злучаныя Штаты Амэрыкі, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Дональдам Трампам. Гэта першы афіцыйны візыт кіраўніка Ўзбэкістану ў ЗША з 2002 году.

Шаўкат Мірзіёеў і Дональд Трамп, Вашынгтон, 16 траўня 2018 г.

Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу падчас свайго прэзыдэнцтва не наведваў Злучаныя Штаты з афіцыйнымі візытамі, ён там бываў ці для выступаў у ААН, ці на прыватныя запрашэньні.

Трое дзяцей

У Шаўката Мірзіёева, як і ў Аляксандра Лукашэнкі, трое дзяцей, толькі ўва ўзбэцкага лідэра адзін сын — Алішэр — і дзьве дачкі — Саіда і Шахназа.

Са сваёй будучай жонкай Зіраатхон Хашымавай Шаўкат Мірзіёеў пазнаёміўся падчас навучаньня ў Ташкенцкім інстытуце інжынэраў мэліярацыі.

Шаўкат Мірзіёеў з жонкай, дзецьмі, зяцямі і ўнукамі

​Лукашэнка пра Мірзіёева

За апошні год, можа крыху больш, мы ў беларуска-ўзбэцкіх дачыненьнях зрабілі значна больш, чым за 20 папярэдніх гадоў. Маёй заслугі тут мінімум. Заслуга вашага прэзыдэнта. Разумны, таленавіты чалавек, які, будучы прэмʼер-міністрам, пабачыў увесь сьвет, спакойна ацаніў сытуацыю ня толькі на восі Менск — Ташкент, але і па ўсіх кірунках, і зьдзейсьніў значны рывок.

(Заява Лукашэнкі падчас сустрэчы ў Менску 13 чэрвеня 2018 году са старшынём сэнату Ўзбэкістану Нігматулом Юлдашавым).