Кіеў заявіў, што заблякаваў расейскія тэлеканалы ў 180 гарадах і вёсках Данбасу

Ірына Герашчанка

Украіне ўдалося заглушыць вяшчаньне каля двух дзясяткаў расейскіх тэлеканалаў у 180 гарадах і вёсках Данбасу, якія кантралююцца прарасейскімі сэпаратыстамі. Пра гэта заявіла дэпутатка Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка ў сваім фэйсбуку. Паводле яе, рыхтуецца блякаваньне шэрагу расейскіх радыёстанцыяў, якія працуюць у FM-дыяпазоне на ўсходзе краіны.

Герашчанка адзначыла, што гэта стала магчымым дзякуючы адмысловай прыладзе пад назвай «Серпанок», вынайдзенай ўкраінскай арміяй і валянтэрамі. Гэты захад яна назвала «вельмі важным крокам ва ўмовах інфармацыйнай вайны».

Яна выказала занепакоенасьць тым, што некаторыя ўкраінскія СМІ вядуць у прыфрантавой зоне «адкрытую антыдзяржаўную прапаганду».

Ад 2014 году Ўкраіна адключыла вяшчаньне дзясяткаў расейскіх тэлеканалаў, а ў сёлетнім траўні — і іхныя інтэрнэт-вэрсіі. За кошт данецкай тэлевежы і адмысловых прыстасаваньняў Масква часткова пераадольвае забарону на вяшчаньне на ўсходзе Ўкраіны.