Іран пагражае выйсьці з ядзернай угоды і «страчвае надзею» на Эўразьвяз

Вярхоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі

Вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі прыгразіў, што яго краіна выйдзе са шматбаковага міжнароднага пагадненьня аб іранскай ядзернай праграме ў выпадку, калі яно перастане адпавядаць інтарэсам краіны.

Заява Хамэнэі апублікаваная на ягоным сайце, паведамляе Reuters.

Іранскі лідэр, у прыватнасьці, заявіў, што «ядзерная ўгода — гэта сродак, а ня мэта». Ён заклікаў іранскіх палітыкаў перастаць спадзявацца, што Эўропа дапаможа выратаваць гэтае пагадненьне.

Хамэнэі папярэдзіў, што Тэгеран адмаўляецца весьці перамовы з Вашынгтонам аб тым, каб заключыць новую дамову аб іранскай ядзернай праграме.

Напярэдадні пасол ЗША ў ААН Нікі Гэйлі заявіла, што Іран можа стаць уладальнікам ядзернай зброі, калі ня будзе адрэзаны ад фінансаваньня. Раней Дональд Трамп абвясьціў аб выхадзе са шматбаковага ядзернага пагадненьня з Іранам і паэтапным аднаўленьні санкцый супраць яго.

Эўразьвяз, аднак, падтрымаў дамову з Іранам і заявіў аб распрацоўцы захадаў, якія дазволяць ухіліцца ад выкананьня аднабаковых санкцый ЗША. Нягледзячы на гэта, некаторыя эўрапейскія кампаніі вырашылі згарнуць бізнэс з Іранам з прычыны пагрозы амэрыканскіх санкцый.

Таксама Reuters паведаміла, што францускім дыпляматам загадана абмежаваць візыты ў Іран на няпэўны час. У Тэгеране гэтае рашэньне назвалі «памылковым». У дакумэнце, які трапіў у распараджэньне агенцтва, гаворыцца, што іранскія ўлады страчваюць давер з боку Парыжу, нягледзячы на спробы прэзыдэнта Эманюэля Макрона выратаваць ядзерную ўгоду.