У Кішынэве разагналі пратэст. Але людзі сабраліся ізноў

У Кішынэве ў Дзень незалежнасьці Малдовы праходзяць пратэсты супраць дзеяньняў паліцыі, якая ўчора разагнала маніфэстантаў ля помніку Штэфану Вялікаму на плошчы Вялікага нацыянальнага сходу.

Напярэдадні тысячы людзей прайшлі па цэнтры Кішынэва з патрабаваньнямі спыніць карупцыю і неэфэктыўнае дзяржаўнае кіраваньне. Шэсьце было арганізавана прадстаўнікамі апазыцыі. Сёньняшняя акцыя стала яго працягам.

Па дадзеных выданьня NewsMake, раніцай паліцыя прыгнала ў цэнтар гораду 15 аўтобусаў і запатрабавала ад маніфэстантаў разысьціся, спасылаючыся на распараджэньне мэра аб заплянаваных на гэтым месцы афіцыйных мерапрыемствах.

Па словах прадстаўніка партыі «Плятформа Годнасьць і Праўда» Аляксандра Слусара, паліцыянты прыгразілі актывістам «гвалтоўнай эвакуацыяй», а потым сталі сілай выцягваць людзей за ачапленьне.

На сёньняшні мітынг выйшлі сотні дэманстрантаў. Пад іх скандаваньне да помніка Штэфану Вялікаму ўсклалі кветкі кіраўнікі краіны, у тым ліку старшыня парлямэнту Андрыян Канду, прэмʼер-міністар Павел Філіп, а таксама прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон.

Кіраўнік дзяржавы, якога СМІ называюць прарасейскім, заявіў у сваім фэйсбуку, што ўчорашняя акцыя пратэсту ў Кішынэве «ганебная для дэмакратыі».