Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатовасьць Беларусі дапамагчы Сырыі ў аднаўленьні краіны

Выбухі ў сырыйскай правінцыі Дэраа, 25 чэрвеня 2018

Намер кіраўніка Беларусі выказаны ў афіцыйным віншаваньні, накіраваным прэзыдэнту Сырыі Башару Асаду з нагоды 25-годьдзя ўсталяваньня дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю і Сырыяй.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь мае з Сірыяй трывалыя сувязі, высокі ўзровень даверу і шчырае сяброўства.

«Менск і Дамаск падзяляюць погляд на неабходнасьць пабудовы шматпалярнага сьвету, заснаванага на павазе да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаваў, праве кожнай краіны самастойна вызначаць шлях разьвіцьця згодна з чаканьнямі свайго народа», — прыводзіць словы кіраўніка Беларусі дзяржаўнае агенцтва інфармацыі Белта.

«Асаблівым чынам беларуска-сырыйскія адносіны былі выпрабаваныя падчас вайны з тэрарызмам у Сірыі. У гады ліхалецьця Беларусь заўсёды была побач, імкнулася падтрымаць вашы імкненьні ў барацьбе з гэтым глябальным злом. Як з задавальненьнем сёньня можна назіраць, вайна заканчваецца перамогай Сірыйскай арабскай арміі, а грамадзтва, аб’яднанае пад вашым лідэрствам, вяртаецца да звычайнага жыцьця. Мы гатовыя аказваць усебаковую дапамогу Сірыі ў справе мірнага будаўніцтва і аднаўленьня краіны», — гаворыць Аляксандр Лукашэнка.

Канфлікт у Сырыі пачаўся ў сакавіку 2011 году. Па дадзеных ААН, у ходзе канфлікту загінула больш за 400 тысяч чалавек, больш за 10 мільёнаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы. 4,8 мільёна чалавек знайшлі прытулак за межамі краіны.