Берасьцейцы размалявалі прыпынак. Даведаўшыся пра памер шкоды, адмылі яго

4 жніўня двое берасьцейцаў размалявалі новы прыпынак грамадзкага транспарту і трапілі на камэры відэаназіраньня. Відэа было выкладзена ў інтэрнэт, пасьля чаго адзін з хлапцоў зьвязаўся з уласьнікам канструкцыі, піша «Виртуальный Брест».

Канструкцыя на новым прыпынку «Тэхнічны ўнівэрсытэт» — прыватная, побач знаходзіцца гандлёвы павільён. Пасьля таго, як прыпынак размалявалі, уласьнік выклаў відэа ў інтэрнэт і папрасіў знайсьці хлапцоў. Адзін з хлапцоў убачыў сябе на відэа і зьвязаўся з уласьнікам. Размаляванае шкло апошні ацаніў у 198 рублёў.

Хлопец паабяцаў кампэнсаваць шкоду цягам некалькіх дзён, але перастаў выходзіць на сувязь. Пазьней хлопцы вярнуліся і адмылі прыпынак, папярэдне закрыўшы камэру відэаназіраньня, але іх зафіксавала іншая камэра.

Уласьнік канструкцыі на прыпынку пералічыў на тэлефон грошы тым, хто дапамог знайсьці хлапцоў, якія пашкодзілі прыпынак.