У Лібіі 45 чалавек асудзілі на сьмяротнае пакараньне за забойствы ў час паўстаньня 2011 году

Ілюстрацыйнае фота

Лібійскі апэляцыйны суд 15 жніўня вынес сьмяротныя выракі 45 людзям за забойствы ў Трыпалі падчас паўстаньня ў 2011 годзе, піша Reuters. Падсудныя не прысутнічалі на судзе, а судзьдзю ахоўвалі аўтаматчыкі.

Яшчэ 54 чалавекі былі асуджаныя на 5 год турмы за забойствы прынамсі 20 чалавек падчас акцыі пратэсту 2011 году, 22 апраўданыя. Тры падсудныя памерлі да суду, адносна яшчэ трох рашэньне пакуль не прынятае.

Міністэрства юстыцыі Лібіі не раскрывае шмат дэталяў справы. Але прадстаўнік міністэрства заявіў, што яно зьвязанае з забойствамі, якія чынілі вайскоўцы, ляяльныя тагачаснаму афіцыйнаму кіраўніку дзяржавы Муамару Кадафі. Гэта адбывалася напярэдадні таго, як Кадафі быў выгнаны са сталіцы і зрынуты.

Цяперашнія 45 расстрэльных прысудаў – самы масавы сьмяротны вырак у Лібіі з часоў рэвалюцыі 2011 году.

Тым часам праваабаронцы Amnesty International называлі судовую сыстэму Лібіі «дысфункцыянальнай»: сьцьвярджалі, што шмат людзей там трымаюць у зьняволеньні без належнага нагляду і сродкаў забесьпячэньня законнасьці ўтрыманьня.