У Пецярбургу супрацоўнікаў цэнтру для сірот абвінавачваюць у згвалтаваньнях дзяцей

Расейскі Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы аб сэксуальным гвалце над выхаванцамі гарадзкога цэнтра для дзяцей-сірот.

Абвінавачаньні «ў гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару» прад’яўленыя былому намесьніку дырэктара дзіцячага дома Міхаілу Еліну, былому дырэктару школы № 565 Пецярбургу Станіславу Вінаградаву, а таксама тром былым выхаванцам і вучням гэтай школы. Паводле вэрсіі сьледзтва, з 2002 па 2017 гады яны гвалтавалі дзяцей, якiя ўтрымлiваюцца ў «Цэнтры садзейнічаньня сямейнаму выхаваньню № 8».

Яшчэ чацьвёра чалавек абвінавачваюцца ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў і шантажы пацярпелых, а на былога дырэктара цэнтра для сірот Натальлю Фёдараву заведзеная справа аб халатнасьці: як высьветліла сьледзтва, яна не адрэагавала на паведамленьні аб фактах гвалту ў дачыненьні да дзяцей.

У дадзены момант абвінавачаныя і іх абаронцы знаёмяцца з матэрыяламі справы, паведамляе Сьледчы камітэт Расеі.