Паверылі Сталіну. Гісторыя чацьвёртая: 64 гады пошуку брата, які не захацеў ехаць з Францыі ў СССР

У 1947 годзе сям’я Атрашкевічаў, беларускіх эмігрантаў у Францыі, падзялілася: старэйшы сын Браніслаў застаўся давучвацца ў інстытуце ў Парыжы, а бацька Станіслаў Атрашкевіч з маці Аленай і малымі дочкамі Чаславай і Францішкай паехалі ў СССР, паслухаўшы савецкіх агітатараў.

Бацькі думалі, што пасьля заканчэньня ВНУ ў Парыжы і сын прыедзе да іх у СССР. Але разлука аказалася назаўсёды. Спачатку бацькі і сын перапісваліся, але і гэтая нітачка абарвалася ў 1954 годзе, калі прыйшоў апошні ліст з Францыі.

Зьлева: Сям’я Атрашкевічаў: стаяць Браніслаў, Станіслаў, сядзяць Алена, Францішка, Часлава. Справа: Браніслаў Атрашкевіч, які застаўся ў Францыі і якога дагэтуль шукаюць і чакаюць у Беларусі

​Свабода працягвае тэму «Дзяцей Францыі» — сем’яў беларускіх эмігрантаў, якія паверылі сталінскай прапагандзе і ў 1946–1947 гадах пераехалі з Францыі ў СССР бяз права вяртаньня.

Пасьля таго як на сайце Свабоды зьявілася гісторыя сям’і Грынцэвічаў, якая паверыла сталінскай прапагандзе і ў 1946 годзе пераехала з Францыі ў Савецкі Саюз, да аўтара зьвярнуліся яшчэ некалькі сем’яў са сваімі расповедамі. У тым ліку Алена Атрашкевіч (па мужу Гараніна) зь вёскі Параф’янава Докшыцкага раёну. Ужо 64 гады яна шукае вестак пра свайго брата Браніслава.

У Францыі яны былі рускімі, у Беларусі — французамі. Гісторыя сям’і, якая паверыла Сталіну

Паверылі Сталіну. Гісторыя другая: рэпатрыяцыя з Францыі, уцёкі празь мяжу і 6 год у ГУЛАГу

Паверылі Сталіну. Гісторыя трэцяя: як у СССР прынялі шматдзетную сям’ю францускага камуніста Ждановіча

Гісторыя жыцьця сям’і Станіслава Атрашкевіча (1897–1980) у Францыі і ў СССР, гісторыя пошуку ягонага сына Браніслава (1923 году нараджэньня) падаецца са слоў ягонай малодшай дачкі Алены, якая нарадзілася ўжо ў Савецкім Саюзе ў 1950 годзе.

Алена Атрашкевіч (Гараніна)

Эміграцыя з Польшчы ў Францыю

У 1929 годзе Станіслаў Атрашкевіч, ратуючыся ад безьзямельля, пакінуў родныя мясьціны на Шаркаўшчыне, якая была ў складзе міжваеннай Польшчы, і паехаў на заробкі ў Францыю. 5 гадоў ён адпрацаваў на вугальных шахтах групы Бруэ (Bruay, дэпартамэнт Па-дэ-Кале). Аднойчы на шахце яго прыціснула горнай пародай, пасьля чаго ён пачаў кульгаць.

Станіслаў спачатку паехаў на заробкі адзін, хоць быў ужо жанаты, меў ад першай жонкі Марыі двое дзяцей — сына Браніслава 1923 году і дачку Чаславу 1928 году нараджэньня. Сям’ю сваю ён забраў у Францыю ў 1932 годзе. Пазьней жонка Марыя трагічна загінула. Пахаваўшы яе, Станіслаў у 1934 годзе перавёз дзяцей да цешчы ў цяперашні Шаркаўшчынскі раён, а сам паехаў у Латвію, дзе нейкі час папрацаваў у земляўласьніка. У Латвіі Станіслаў пазнаёміўся з новай жонкай, Аленай.

«Мама была сіратой, яна маладзейшая за бацьку на 18 гадоў. У 1937 годзе яны пажаніліся. І хутка бацька зноў паехаў у Францыю, забраў жонку і дзяцей, Чэсю з Бронікам», — кажа Свабодзе малодшая дачка Атрашкевічаў Алена.

Станіслаў Атрашкевіч з жонкай Аленай і жонкай гаспадара фэрмы ў Францыі, дзе яны працавалі

​У новы прыезд у Францыю Станіслаў ужо не рабіў на шахце — пайшоў сельскагаспадарчым рабочым да фэрмэра пад горадам Шэн-Шэню (Chêne-Chenu, 80 кілямэтраў на паўднёвы захад ад Парыжу). Там жа працавалі ягоная жонка Алена і сын Браніслаў.

Алена і Часлава Атрашкевіч у Францыі

Захавалася даведка ад Марыса Пі, земляўласьніка з камуны Трамбле-лё-Віконт (Tremblay-le-Vicomte) пра заробак Станіслава Атрашкевіча цягам 1940–1947 гадоў — 6800 франкаў на месяц.

Станіслаў Атрашкевіч зь сябрам у Францыі

Бацька ня быў камуністам, кажа Алена, гаспадар цаніў яго як работніка. Ён быў кантактны і ў добрых адносінах зь іншымі рабочымі-французамі. Сябравалі, жылі дружна. Але бацьку было няёмка, калі французы страйкавалі — ён як эмігрант гэта рабіць ня важыўся, больш залежаў ад гаспадара, чым карэнныя французы.

Сям’я ў Францыі жыла ў доме, які даваў у арэнду гаспадар, у ім было ўсё, што трэба для жыцьця.

У архіве Атрашкевічаў захаваўся ліст ад уладальніка фэрмы П’ера Мінара — пра тое, што для іх падрыхтаваны дом з садам, а да прыезду прынясуць усю патрэбную мэблю і кухонныя прылады.

Праца на фэрме ў Францыі

Сям’я Атрашкевічаў у Францыі трымала сваю прысядзібную гаспадарку, жылі ў дастатку. У Францыі ў 1942 годзе ў Станіслава і Алены нарадзілася дачка Францішка. Вайну сям’я перажыла бяз страт, разлука і страты чакалі пасьля вайны.

Станіслаў, Алена, Франя Атрашкевічы незадоўга да пераезду ў СССР

Пераезд у СССР

У 1947 годзе пад уплывам агітацыі савецкіх дыпляматаў сям’я Атрашкевічаў вырашыла пераехаць у СССР. Бацькі забралі з сабою дачок Францішку і Вячаславу, старэйшы сын Браніслаў застаўся давучвацца ў інстытуце ў Парыжы.

«Была такая прапаганда, што і бацька паверыў, што на роднай зямельцы надта ж ужо добра, — згадвае Алена Атрашкевіч. — Пераезд бацька ўспамінаў як кашмар. Да мяжы давезьлі іх у добрых вагонах, а пасьля перасадзілі ў цялячыя. З Францыі яны нічога не прывезьлі. Толькі адзеньне, апрануцца ў іх было ўва што, а болей нічога».

Пазьней бацька казаў родным, што каб ведаў, як сустрэне яго СССР, то ніколі не вярнуўся б.

Даведкі аб санапрацоўцы ў савецкім лягеры для перамешчаных асобаў. 1947

Былыя грамадзяне Францыі Атрашкевічы адразу прыехалі да матчынай радні ў вёску Сітцы Докшыцкага раёну, потым купілі хату ў Целяшах, пазьней у Параф’янаве купілі маленькі домік — жылой плошчай 30 квадратных мэтраў.

Дамок гэты захаваўся, Алена яго беражэ, нядаўна ён быў нанава абшаляваны.

Хата Атрашкевічаў у Параф’янаве

​Алена нарадзілася ўжо па прыезьдзе з Францыі ў Сітцах Докшыцкага раёну ў 1950 годзе. Францускага жыцьця яна не засьпела, затое добра запамятала савецкае.

«Дужа бедна мы жылі, пакуль я не пайшла працаваць, — кажа Алена. — Цяпер я прыгадваю гэта як кашмар. Мы жылі на тое, што заробіць тата. У маці быў поліартрыт, мела пакручаныя рукі, то не магла рабіць. А рабіў мой бацька ў леспрамгасе, у Параф’янаве лес грузілі. Перад пэнсіяй некалькі гадоў працаваў на аптова-гандлёвай базе рабочым, ужо на пэнсіі вартаваў скаціну на фэрме. Пачынаеш успамінаць — і плакаць хочацца. Ня ведаю, як выкручвалася маці. З тых часоў не магу глядзець на кіслую капусту, помню ўвесь час гэты суп з кіслай капусты».

Сямейныя страты

Па вяртаньні ў галодны СССР сям’я пахавала дачку Францішку, якую прывезьлі з Францыі, ёй было 7 гадоў. А сын Браніслаў застаўся ў Францыі.

Бронак Атрашкевіч у Францыі

Станіслаў Атрашкевіч, едучы з Францыі ў СССР, спадзяваўся, што сын Браніслаў, скончыўшы інстытут, далучыцца да сям’і, будзе працаваць у Беларусі. Алена кажа: першапачаткова сапраўды плянавалася, што Браніслаў мае вярнуцца, яго нібыта нават чакалі ў Менску на нейкім месцы працы. Але ён перапісваўся з татам, і, той, пабачыўшы рэальнае жыцьцё ў Савецкім Саюзе, адраіў сыну ехаць.

«Браніслаў па характары быў добры і шчыры чалавек і чым мог стараўся дапамагчы бацькам. Але тата ж пісаў, як на самой справе тут жывецца, у які рай яны трапілі», — кажа Алена Атрашкевіч.

Браніслаў Атрашкевіч у Францыі зь сябрамі

У сям’і захавалася частка перапіскі бацькі і сына Атрашкевічаў, цёплыя віншаваньні на паштоўках зь відамі Парыжу на адрас бацькоў у Докшыцкі раён з нагоды дзён народзін і сьвятаў. У іх адчуваецца цеплыня сямейных адносін і сум, што немагчыма ўбачыцца, а таксама кволы спадзеў, што раптам некалі гэта стане магчымым.

Апошні ліст Браніслава

Як самую важную рэліквію ў сям’і берагуць апошні ліст Браніслава з Францыі, датаваны 29 чэрвеня 1954 году.

Апошні ліст Браніслава

«Дарагі Бацька і ўсе родныя! Як вы пажываеце? Ужо даўно, даўно не было ад Вас лістоў. Ці здаровыя Вы ўсе? Ці няма якой патрэбы, каб я быў у сіле дапамагчы?», — пытаецца Браніслаў.

У лісьце згадваецца няшчасны выпадак з бацькам у леспрамгасе, пасьля якога ён пашкодзіў нагу і страціў пальцы на руках.

Пра сябе Браніслаў піша, што ажаніўся і хутка стане бацькам. Жонку звалі Аленай, паходзіла яна з Днепрапятроўскай вобласьці Ўкраіны. Вядома, што Браніслаў пасьля інстытуту быў электратэхнікам, працаваў у канструктарскім бюро ў Парыжы, рабіў чарцяжы, спадзяваўся на падвышэньне заробку ад сваёй фірмы.

«Жывем на новай кватэры, але навасельля яшчэ ня ладзілі... У агульных рысах мы жывем сярэдне, у патрэбных рэчах мы сабе не адмаўляем. Працуем удвох з заробкам вышэй за сярэдні. Падчас канікул, у жніўні, у нас ёсьць магчымасьць павандраваць за мяжой. Сёлета напэўна зможам паехаць у Англію на два тыдні або ў Швайцарыю, дакладна яшчэ ня ведаем. Зімою былі ў Нямеччыне, спадзяваліся пабачыць шмат сьнегу, але акрамя холаду нічога там не знайшлі», — піша Браніслаў Атрашкевіч у апошнім лісьце, які атрымалі ягоныя бацькі ў Беларусі.

Чаканьне і росшук

Пасьля 1954 году сына Браніслава шукаў бацька Станіслаў Атрашкевіч, з 1967 году да пошукаў брата далучылася малодшая сястра Алена.

«Тата ўсё жыцьцё чакаў яго, да апошняй хвіліны. Калі б вы толькі пабачылі двух старых, якія ўважліва ўглядаюцца ў тэлевізар, — вось на экране падобны да Броніка, а можа гэта ён? Мама ў кожным хоць крыху падобным бачыць яго. Мы, слава Богу, жывём у дастатку, у сваім доме, на сваёй радзіме, а можа, яму ў гэтую хвіліну цяжка? А можа, яго ўжо няма ў жывых? Дзе яго магіла ці курган, каб на калені стаць перад ім і жменю нашай зямелькі пакласьці? А калі жывы ён, то каб ведаў, што помняць пра яго ўсё жыцьцё і чакаюць», — пісала Алена Атрашкевіч у розныя дзяржаўныя ўстановы СССР свае просьбы дапамагчы ў пошуку брата.

Адказ з выканкаму Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца

У 1971 годзе з Масквы з выканкаму Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў вёску Параф’янава прыйшоў адказ:

«Па Вашай просьбе намі ажыцьцяўляўся росшук Вашага сына ў Францыі. Вельмі шкадуем, росшук скончыўся беспасьпяхова. Паводле паведамленьня Францускага Чырвонага Крыжа месца жыхарства і лёс Браніслава Атрашкевіча выявіць не ўдалося».

Машына і дом за францускую пэнсію

Сям’я стала больш заможнай, калі бацька ў 1978 годзе атрымаў францускую пэнсію. Усе дакумэнты ў бацькі захаваліся, то дамагчыся яе не было складана.

«Дзякуючы гэтай пэнсіі мы трохі пажылі. Тата атрымліваў яе толькі два гады. Аднак прымусіў нас купіць машыну. Пэнсію ж ня франкамі плацілі, а чэкамі „Внешполсылторга“. І вось мы гэтыя чэкі зьбіралі і купілі машыну. Ён так марыў пра машыну. І вось купілі мы машыну, касьцюм яму шыкоўны, і надзелі яму на сьмерць. Пасьля пэнсію за ім атрымлівала мая мама да яе сьмерці ў 2004 годзе», — распавядае Алена Атрашкевіч.

У 1987 годзе Алена за бацькаву францускую пэнсію купіла дом у Докшыцах, дзе і цяпер жыве з мужам Іванам. Дзедавы грошы дапамаглі ўжо ў 2000-х гадах купіць у Менску кватэры ўнукам Дзьмітрыю і Ганне.

На грошы з францускай пэнсіі паставілі і помнікі на магілах бацькі, маці, сястры Чаславы.

Надзея не памірае

Алена Атрашкевіч кажа, што яна і цяпер шукае брата Браніслава ці ягоных нашчадкаў — і мае спадзеў, што публікацыя на сайце Свабоды пра яго хоць крыху дапаможа ў гэтым пошуку.

«Шукаю праз знаёмых у Польшчы, праз Чырвоны крыж. Я была знаёмая з раённым начальнікам дзяржбясьпекі, зьвярнулася да яго, то яны мне сказалі, што ў Францыі брата ўжо няма.

Я пісала ў Чырвоны Крыж, у Маскву, а як быў гэты Кручкоў, то ў КДБ СССР пісала. Адказу ніякага. Двойчы пісала на перадачу „Жди меня“, і таксама няма адказу. Можа, і сапраўды ён быў вярнуўся сюды і сьлядоў ягоных няма? Нашы службы неяк сказалі мне, што быццам бы ён выехаў у Лацінскую Амэрыку і сьляды яго згубіліся. Але я ў гэта ня веру. У мяне прадчуваньне, што ведаюць пра яго вышэйшыя органы, але гэта закрытая тэма».

Алена Атрашкевіч веры ня траціць, працягвае свой пошук і мае спадзеў атрымаць калі-небудзь вестачку ад брата ці ягоных нашчадкаў.

«На сёньняшні дзень яму 95 гадоў, калі ён жывы. Я кожны вечар за яго малюся. Калі жывы — хай Бог дасьць яму сілы і здароўя, а калі не — хай яму будзе Царства Нябеснае. Канечне, у яго ўжо дзеці такія, як я. Але сьлядоў ніякіх няма».

Браніслаў зь жонкай Аленай

Дапамагчы Алене Атрашкевіч у пошуку вестак пра брата Браніслава паабяцалі ў амбасадзе Францыі ў Менску і ў агенцтве Франс Прэс.

Дзеці Францыі

Сустрэча беларускіх «дзяцей Францыі» з амбасадарам Дзідзье Канэсам

Іх называюць «дзецьмі Францыі», хоць у іх ужо свае ўнукі і праўнукі. 7 ліпеня 2018 году ў рэзыдэнцыі амбасадара Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэса ўпершыню сабралася каля дзесяці чалавек, што нарадзіліся ў Францыі ў 20–40-х гадах мінулага стагодзьдзя, тыя, хто выжыў і каго ўдалося знайсьці францускім консулам у беларускіх гарадах і вёсках.

Паводле зьвестак расейскага гісторыка Віктара Зямскова, па стане на чэрвень 1948 году з Францыі ў СССР рэпатрыяваўся 6991 чалавек. У розныя гады яны эмігравалі з Расейскай імпэрыі, Аўстра-Вугоршчыны і Польшчы. Сярод іх было 1420 расейцаў і 5471 асоба «ўкраінскага або беларускага паходжаньня».