13 жніўня прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональд Трамп падпісаў закон «Бюджэт ЗША на 2019 год на патрэбы нацыянальнай абароны».
У цэлым дакумэнт прадугледжвае накіраваньне 716 мільярдаў даляраў на абарону. У заяве Белага дома паказваецца, што «беспрэцэдэнтная падтрымка дазволіць Вашынгтону стрымліваць праціўнікаў і магутна праводзіць мірную палітыку адміністрацыі Трампа».
Бюджэт узмацняе падтрымку ЗША саюзьнікам у Эўропе супраць расейскай агрэсіі шляхам прадстаўленьня фінансаваньня для ініцыятывы стрымліваньня.
«У супрацьстаяньні гэтым небясьпекам, мы ведаем, што слабасьць — самы правільны шлях да канфлікту і надзвычайная магутнасьць зьяўляецца найбольш дакладным сродкам нашай абароны», — цытуе прэзыдэнта Трампа Белы дом.
Украіна атрымае 250 мільёнаў даляраў
Адзін з артыкулаў закону дазваляе выдзеліць Міністэрству абароны ЗША 250 мільёнаў даляраў для наданьня дапамогі Ўкраіне, якая знаходзіцца ў стане ўзброенага канфлікту з Расеяй. У гэтую суму закладзена 50 мільёнаў даляраў на абаронныя сьмяротныя віды ўзбраеньняў, паведамляе амбасада Ўкраіны ў ЗША.