Расейскія мільярдэры страцілі $3,1 млрд пасьля прапановы дарадцы Пуціна

Ад новай падатковай ідэі найбольш страціў ўладальнік «Новаліпецкага мэталюргічнага камбінату» Ўладзімір Лісін

Расейскія мільярдэры страцілі больш за 3 мільярды даляраў за адзін дзень, паведамляе агенцтва Bloomberg. Гэта адбылося пасьля таго, як эканамічны дарадца прэзыдэнта Расеі Андрэй Белавусаў прапанаваў павысіць падаткі для найбуйнейшых мэталюргічных і горназдабыўных кампаній гэтай краіны, забраўшы ў іх, такім чынам, больш за 500 мільярдаў расейскіх рублёў.

У лісьце прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну Белавусаў назваў 14 кампаній, якія, на ягоную думку, маглі б плаціць у бюджэт больш. У выніку акцыі гэтых кампаній упалі ў цане, а ад сумесных праектаў зь некалькімі зь іх адмовіліся патэнцыйныя інвэстары.

Паводле індэксу Bloomberg Billionaires, які адсочвае памер багацьця мільярдэраў ў рэальным часе, больш за ўсіх ад новай падатковай ідэі пацярпеў ўладальнік «Новаліпецкага мэталюргічнага камбінату» Ўладзімір Лісін — ён страціў амаль 832 мільёнаў даляраў, або 4% ад усяго свайго багацьця. За ім ідуць ўладальнік «Магнітагорскага мэталюргічнага камбінату» Віктар Рашнікаў, які страціў 446 мільёнаў даляраў, і ўладальнік кампаніі «Северсталь» Аляксей Мардашоў, які страціў 444 мільёнаў даляраў. Фінансавыя страты таксама панесьлі Генадзь Цімчанка, Алішэр Усманаў, Раман Абрамовіч і Ўладзімір Патанін.

Як паведамляў РБК, Пуцін паставіў на лісьце Белавусава рэзалюцыю «Згодзен». Аднак прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў абверг гэтую інфармацыю.