39 чалавек загінулі ў Сырыі пры выбуху складу зброі ў жылым доме

Разбураныя будынкі пасьля выбуху на складзе зброі ў жылым раёне ў горадзе Сармада. 12 жніўня 2018 году

Сама меней 39 чалавек (сярод іх 12 дзяцей) загінулі ў выніку выбуху ў жылым будынку ў горадзе Сармада сырыйскай правінцыі Ідліб 12 жніўня, паведамляе ВВС.

Горад знаходзіцца пад кантролем паўстанцаў. Паведамляецца, што ў будынку знаходзіўся склад з боепрыпасамі, які належаў нелегальным гандлярам зброяй.

Паводле дадзеных цэнтру маніторынгу правоў чалавека ў Сырыі, які базуецца ў Лёндане, дзясяткі людзей застаюцца пад заваламі. Карэспандэнт AFP, які знаходзіцца на месцы, паведаміў, што для расчысткі абломкаў задзейнічаныя бульдозэры.

На думку ратавальнікаў, колькасьць ахвяраў будзе расьці. Прычыны выбуху пакуль ня высьветленыя.

Хатэм Абу Марван, сябра фармаваньня грамадзянскай абароны Ідлібу, паведаміў, што ў момант абвалу ў будынку было вельмі шмат людзей. Мяркуючы па ўсім, у доме пражывалі сем’і джыхадыстаў, якія знайшлі у Ідлібе прытулак.

Ідліб — апошні рэгіён Сырыі, які ўсё яшчэ знаходзіцца ў руках сырыйскай апазыцыі. Чакаецца, што ўрадавыя войскі неўзабаве накіруюць туды свае галоўныя сілы.

У апошнія месяцы армія Башара Асада пры падтрымцы Расеі і Ірану нанесла шэраг магутных удараў па фарміраваньнях апазыцыі і джыхадыстаў па ўсёй краіне.