Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў, што ўхваліў павышэньне ўдвая тарыфаў на пастаўкі алюмінію і сталі з Турэччыны.
Трамп напісаў на сваёй старонцы ў Твітэры, што тарыф на алюміній будзе 20 працэнтаў, а на сталь 50 працэнтаў.
«...Турэцкая ліра хутка падае ў адносінах да нашага вельмі моцнага даляра... Нашыя адносіны з Турэччынай цяпер ня добрыя!».
I have just authorized a doubling of Tariffs on Steel and Aluminum with respect to Turkey as their currency, the Turkish Lira, slides rapidly downward against our very strong Dollar! Aluminum will now be 20% and Steel 50%. Our relations with Turkey are not good at this time!
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) August 10, 2018
1 жніўня ЗША ўвялі санкцыі супраць двух турэцкіх міністраў — кіраўніка МУС Сулеймана Сойлу і кіраўніка міністэрства юстыцыі Абдулхаміта Гюля.
Вашынгтон лічыць гэтых чыноўнікаў датычнымі да перасьледу амэрыканскага сьвятара Эндру Брансана.
Санкцыі ўведзеныя ў рамках «акту Магніцкага». Гэты дакумэнт дазваляе Міністэрству фінансаў ЗША уводзіць абмежаваньні адносна асоб, якія маюць дачыненьне да парушэньня правоў чалавека.
Амэрыканскі сьвятар Эндру Брансан жыве ў Турэччыне больш за 20 гадоў. У 2016 годзе ён быў затрыманы ў рамках расьсьледаваньня спробы перавароту. У канцы ліпеня сёлета яго выпусьцілі з турмы і зьмясьцілі пад хатні арышт.
У Вашынгтоне пры гэтым чакалі, што Брансана дэпартуюць на радзіму. Прэзыдэнт ЗША Дональда Трамп раней пагражаў Турэччыне санкцыі. Анкара тады заявіла пра гатоўнасьць прыняць меры ў адказ.