Ня менш за 43 чалавекі загінулі, калі ракета трапіла ў школьны аўтобус у емэнскай правінцыі Саада, яшчэ 61 чалавек дастаўленыя ў бальніцу з раненьнямі, паведамляе тэлеканал Al-Jazeera са спасылкай на штаб Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа ў Емэне. Паводле мясцовых мэдыяў і няўрадавых арганізацый, большасьць ахвяраў — дзеці.
Як паведамляе Чырвоны Крыж, аўтобус са школьнікамі знаходзіўся ў раёне рынку ў населеным пункце Дах’я.
Як паведамляюць Reuters і Al-Jazeera, ракету выпусьцілі паветраныя сілы міжнароднай кааліцыі на чале з Саудаўскай Арабіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, якія змагаюцца з паўстанцамі, якіх падтрымлівае Іран. Правінцыя Саада, якая мяжуе з Саудаўскай Арабіяй, цяпер знаходзіцца пад кантролем паўстанцаў.
Штаб кааліцыі заявіў, што авіяўдары прыйшліся на ракетна-пускавыя ўстаноўкі праціўніка, якія выкарыстоўваліся для ўдараў па Саудаўскай Арабіі.
«Сёньняшняя атака ў Саадзе была легітымнай апэрацыяй, якая была праведзена ў адпаведнасьці зь міжнародным гуманітарным заканадаўствам», — заявіў генэрал Туркі аль-Малікі ўрадаваму агенцтву навінаў SPA і падкантрольнаму Эр Рыяду тэлеканалу Al Arabiya.
Прыхільны да паўстанцаў тэлеканал Al Masirah заявіў, што ракета трапіла ў аўтобус са школьнікамі, якія займаліся вывучэньнем Карану ў летняй школе.