ЗША ўводзяць новыя санкцыі супраць Расеі праз атручваньне Скрыпалёў

Экспэрты працуюць на могілках у Солсбэры, дзе пахаваныя жонка і сын Сяргея Скрыпаля, 10 сакавіка 2018 году

Злучаныя Штаты ўводзяць санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў сувязі з атручваньнем ў брытанскім горадзе Солсбэры былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі. Пра гэта паведамляе Reuters.

Прадстаўніца Дзярждэпартамэнта Гэзэр Наўэрт удакладніла, што, ужыўшы нэрвова-паралітычнае рэчыва ў Вялікабрытаніі, Расея парушыла міжнароднае права.

Новыя абмежаваньні ўступяць у сілу 22 жніўня. У прыватнасьці, уводзіцца забарона на экспарт у Расею тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў сфэры нацыянальнай бясьпекі. Гаворка ідзе аб электронных прыладах, якія выкарыстоўваюцца ў авіяцыі.

Калі Масква на працягу трох месяцаў ня дасьць гарантый, што ня будзе выкарыстоўваць хімічную зброю і не пагодзіцца дапусьціць міжнародных інспэктараў, то Расею чакае новы раўнд санкцый, паведамілі ў Дзярждэпартамэнце. У прыватнасьці, прадугледжваецца забарона палётаў кампаніі «Аэрафлот» у ЗША і скарачэньне ўзаемнага гандлю да мінімуму.