У Эўропе арыштавалі ўкраінскіх хакераў, іх падазраюць у выкраданьні зьвестак 15 мільёнаў крэдытных картак

Ілюстрацыйнае фота @Shutterstock

Грамадзяне Ўкраіны 33-гадовы Фёдар Хладыр, 44-гадовы Дзьмітро Фёдараў і 30-гадовы Андрэй Калпакоў арыштаваныя па абвінавачваньні ў саўдзеле ў кібэратацы больш чым на сто амэрыканскіх кампаній, паведамляе Міністэрства юстыцыі ЗША.

Першага хакера арыштавалі ў Польшчы, другі быў затрыманы ў Гішпаніі, трэці папаўся праваахоўнікам Нямеччыны, якія выдалі яго ЗША.

Усе яны, як мяркуецца, зьяўляюцца чальцамі хакерскай групоўкі, вядомай як FIN7, якая атакавала перш за ўсё рэстаранны, гульнявы і гатэльны бізнэсы.

Арыштаваным прад’явілі абвінавачваньні ў 26 пунктах, уключаючы махлярства па папярэдняй змове, узлом кампутарных сетак і крадзеж асабістых зьвестак з абцяжлівымі абставінамі.

Як сказана ў абвінаваўчых высновах, FIN7 узламаў тысячы кампутарных сыстэм і скраў мільёны нумароў крэдытных і дэбэтавых картак кліентаў, якія група выкарыстала або прадавала з прыбыткам.

Толькі ў Злучаных Штатах FIN7 пасьпяхова парушыў кампутарныя сеткі больш як 100 кампаній у 47 штатах і ў акрузе Калюмбія, выкраўшы больш за 15 мільёнаў запісаў аб кліенцкіх картках. Дадатковыя ўварваньні адбыліся за мяжой, у тым ліку ў Вялікай Брытаніі, Аўстраліі і Францыі

Для прыкрыцьця хакеры выкарысталі кампанію Combi Security, якая мае штаб-кватэры ў Расеі і Ізраілі. Ад яе імя яны адпраўлялі «надзвычай старанна складзеныя электронныя лісты», зьмест якіх потым пацьвярджалі званкамі па тэлефоне. Пасьля таго, як карыстальнік адкрываў файл, заражаны шкоднай праграмай Carbanak, адбываўся крадзеж зьвестак картак.