Горадзенская міліцыя правярае фота з флэш-мобу ў падтрымку палітвязьня Алега Сянцова

Уладзімер Хільмановіч трымае плякат у падтрымку Алега Сянцова

Пачаўся адміністрацыйны працэс у дачыненьні горадзенскага праваабаронца Ўладзімера Хільмановіча. Падставай стаў ягоны ўдзел у сусьветнай акцыі ў падтрымку ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова.

У Беларусі далучыліся да глябальнай акцыі ў падтрымку палітвязьня Алега Сянцова

30 ліпеня без папярэджваньня ў кватэру Ўладзімера Хільмановіча прыйшоў праваахоўнік з аддзелу прафіляктыкі правапарушэньняў Ленінскага РАУС Горадні. Ён паведаміў, што ідзе праверка разьмяшчэньня ў інтэрнэце фатаздымкаў у падтрымку Алега Сянцова. Міліцыянт паказаў раздрукоўкі зь сеціва. Ён хацеў скласьці пратакол-апытаньне, але праваабаронца адмовіўся даваць пісьмовыя тлумачэньні.

Адміністрацыйны пратакол яшчэ ня складзены, Хільмановіч думае, што ён неўзабаве зьявіцца — за парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства (артыкул 23.34 КаАП Беларусі). Сам праваабаронца мяркуе, што нічога не парушаў.

Хільмановіч сфатаграфаваўся з партрэтам Сянцова на фоне Калоскай царквы ў Горадні ў дзень народзінаў рэжысэра, 13 ліпеня, і выклаў фота ў інтэрнэт. Браў удзел у акцыі, каб давесьці, што і ў Горадні ёсьць людзі, якія лічаць, што Сянцоў — палітычны вязень.

«Ні масавага, ні нават мерапрыемства не было. Гэта быў проста флэшмоб. Юрыдычна гэта поўны абсурд, але такая практыка ўжо склалася. Гэта тое самае, што сфатаграфаваць заўзятара ў футболцы зборнай Харватыі ў падтрымку перад чэмпіянатам сьвету», — кажа Хільмановіч.

Ён мяркуе, што такія дзеяньні з боку праваахоўных органаў — перасьлед за ягоную грамадзянскую пазыцыю.

Удзел у флэшмобе бралі людзі з усяго сьвету. У дзень народзінаў украінскага рэжысэра яны рабілі фота зь ягоным партрэтам у знакавых месцах свайго гораду і выкладалі здымкі ў сеціва.

2013: Праваабаронцы заплацяць 4,5 мільёна за здымак у інтэрнэце

Гэта ня першы падобны прыклад дзеяньняў горадзенскай міліцыі: у 2013 годзе праваабаронцы Ўладзімер Хільмановіч, Віктар Сазонаў і Раман Юргель былі асуджаны Ленінскім раённым судом Горадні на паўтара мільёна рублёў кожны (150 рублёў пасьля дэнамінацыі) нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце — за тое, што 10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, зрабілі агульны здымак з партрэтам палітвязьня Алеся Бяляцкага, пазьней зьмешчаны на сайце «Вясны».

Хто такі Алег Сянцоў

Грамадзянін Украіны Алег Сянцоў быў арыштаваны расейскімі акупацыйнымі ўладамі ў Крыме і асуджаны ў Расейскай Фэдэрацыі на 20 гадоў пазбаўленьня волі 25 жніўня 2015 году. Суд прызнаў яго вінаватым у стварэньні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі, кіраваньні ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаваньні і незаконным захоўваньні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, дзьвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракту.

Алег Сянцоў на судзе, 2015 год

Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 году рэжысэр абвясьціў бестэрміновую галадоўку ў калёніі гораду Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзьняволеных, але сябе ў гэты сьпіс не ўключыў.

Да Сянцова ў калёнію не пускаюць упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людмілу Дзянісаву. 5 ліпеня да яго ў калёнію пусьцілі стрыечную сястру Натальлю Каплан, якая паведаміла, што ейны брат вельмі пастарэў і схуднеў на 15 кг.