30 ліпеня ў Менскім абласным судзе пачалося слуханьне крымінальнай справы Сяргея Барысевіча, былога начальніка галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму. Ён і яшчэ 12 фігурантаў абвінавачваюцца ў шэрагу карупцыйных злачынстваў.
Як адзначае БелаПАН, пяць абвінавачаных знаходзяцца пад вартай, астатнія — на волі.
Пра затрыманьне Барысевіча ды іншых службовых асобаў летась у красавіку заявіў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Было абвешчана, што чыноўнікі падазраюцца ў атрыманьні хабараў у буйным і асабліва буйным памеры ад прадстаўнікоў прыватных суб’ектаў гаспадараньня за спрыяльнае вырашэньне заключэньня дамоваў (закуп па завышаных цэнах і г.д.) з падначаленымі арганізацыямі.
У дачыненьні фігурантаў распачатыя справы паводле арт. 430 КК (атрыманьне хабару) і арт. 432 КК (пасярэдніцтва ў хабарніцтве).
Максымальнае пакараньне паводле гэтых артыкулаў — пазбаўленне волі на 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.
Абвінавачаным інкрымінуецца і шэраг іншых злачынстваў, у тым ліку крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, замах на атрыманьне і даваньне хабару і г.д.
У траўні 2018 году стала вядома пра ўзяцьце пад варту Андрэя Дамарацкага, пераемніка Сяргея Барысевіча на пасадзе начальніка галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку. Яго вінавацяць у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі.