У берасьцейскім «Дынама» вызначыліся з домам для Дыега Марадоны, паведаміла Свабодзе прэс-сакратар клюбу Вольга Хіжанкова.
«Для яго знайшлі дом у Берасьці. Літаральна на днях вызначыліся з аб’ектам», — сказала Хіжанкова.
Кошт дому для новага старшыні праўленьня «Дынама-Берасьце» у клюбе назвалі — інфармацыя канфідэнцыйная.
Таксама Хіжанкова абвергла інфармацыю аргентынскага выданьня Сlarin, паводле якога Марадона будзе жыць у 7-пакаёвым доме ў Менску коштам 20 мільёнаў даляраў. Лётаць зь Менску на працу ў Берасьце на прыватным самалёце Марадона таксама ня будзе.
Як паведамлялася раней, берасьцейскія рыэлтары ацэньваюць магчымы штомесячны кошт арэнды дома для Марадоны ў 3-4 тысячы даляраў. Гэта 6-9 месячных заробкаў звычайнага берасьцейца, улічваючы, што сярэдні заробак у горадзе складае каля 476 даляраў. Асобны катэдж у горадзе або ў межах 5 км ад яго і трэнажорная заля на тэрыторыі — абавязковыя ўмовы будучага жытла Марадоны.
Пра прызначэньне Марадоны старшынём праўленьня «Дынама-Берасьце» паведамілі 15 траўня. 58-гадовы Марадона будзе займацца пытаньнямі стратэгічнага разьвіцьця клюбу, узаемадзейнічаць зь ягонымі структурнымі падразьдзяленьнямі, уключна зь дзіцячай акадэміяй берасьцейскага «Дынама».
⚡ ДА, ДИЕГО С НАМИ! ⚡ #fcdb1960Легендарный футболист Диего Армандо Марадона подписал трехлетний контракт с футбольным клубом "Динамо-Брест" и вступил в должность Председателя правления клуба. pic.twitter.com/H9WG8AfpBg
— FC Dynamo Brest (@dynamobrest) 15 мая 2018 г.
Меркавалася, што аргентынец прыступіць да выкананьня паўнамоцтваў пасьля заканчэньня футбольнага чэмпіянату сьвету ў Расеі ў ліпені. Першы візыт Марадоны ў Берасьце адбыўся 16 ліпеня, каб пазнаёміцца з камандай. Мясцовае «Дынама» на вачах свайго новага кіраўніка прагуляла «Шахцёру» зь лікам 1:3.