А скажы штосьці па-энкавэдысцку! — Ліквідацыя!

Карціна Андрэя Дубініна «Клюб Дзяржынскага, або Ноч паэтаў», 2017

Прэс-рэліз МУС Беларусі словам «ліквідацыя» называе апэрацыю ў Заслаўі.

У лацінскай мове быў бяскрыўдны прыметнік liquidus з адным са значэньняў «чысты», у тым ліку «вольны ад даўгоў». У новых эўрапейскіх мовах дзеяслоў, адпаведны бел. ліквідаваць (што зрабіць? — зьліквідаваць), набыў юрыдычнае значэньне — «спыніць дзейнасьць, існаваньне нечага».

Бальшавіцкі рэжым СССР упадабаў гэтае слова: «ликвидация неграмотности», «ликвидация эксплуататорских классов», «ликвидация капиталистических элементов города и деревни» і г. д. Усё як бы ў грамадзкім, сыстэмным, абагульненым значэньні. І міжваенны слоўнік Ушакова яшчэ з інэрцыі фіксуе толькі спалучэньне «ликвидировать (что)».

Але... Спачатку бывалі як бы сьмешныя агаворкі: «Разговаривают о ликвидации неграмотных и малограмотных...» — прыклад з омскай «раёнкі» падаюць дасьледнікі Андрэй і Тацяна Фясенкі ў грунтоўнай працы «Русский язык при Советах» (Нью-Ёрк, 1955). І хутка выявілася, што ВЧК-ГПУ-НКВД менш за ўсё цікавіла лацінская юрыдычная сэмантыка слова «ліквідацыя». Сталінскія заклёны пра «ликвидацию кулачества как класса на базе сплошной коллективизации» (1929 г.) абярнуліся для сялянаў зусім ня рымскім ачышчэньнем ад даўгоў. А спыненьнем фізычнага існаваньня.

Аўтары кнігі канстатуюць:

...Існуе і шэраг эўфэмізмаў, якія ўлада сьвядома насаджае для прыкрыцьця тэрарыстычнай сутнасьці бальшавіцкай сыстэмы.

Прыкладаў маса: «высшая мера социальной защиты» (= пакараньне сьмерцю); «Он работает в системе / «органах»; «информатор»... І г. д.

Палач-расстрельщик именуется «исполнителем», а для самих актов террора созданы такие «заменители», как «ликвидировать» (расстрелять), «репрессировать» (арестовать, сослать), а также «изъять», что может означать как одно, так и другое... (с. 48–49)

Словы ликвидировать, ликвидация аказаліся вельмі патрэбнымі сыстэме. Яны стратэгічна важныя і цяпер, прыкладам, у расейскіх сэрыялах, якія культывуюць станоўчы вобраз НКВДыста.

Я быў уражаны, знайшоўшы ў Оксфардзкім слоўніку ангельскай мовы, акрамя юрыдычнага значэньня слова liquidate, і другое, «нефармальнае», — «забіць некага, як правіла, гвалтоўным чынам». Але ўсё стала на свае месцы: значэньне разьвілася пад уплывам расейскага ликвидировать. Гэта яшчэ адзін дастойны ўклад расейскай энкавэдысцкай мовы ва ўсясьветную лексычную скарбонку — поруч з словам gulag.

Ці можна было захаваць жыцьцё нападніку з Заслаўя? Думкі былых міліцыянтаў