Эўрапейскі Зьвяз і Ўкраіна ў сумеснай заяве па выніках саміту ў Брусэлі пацьвердзілі трываласьць узаемнага парнэрства, заснаванага на пагадненьні аб асацыяцыі і абмеркавалі захады па ўмацаваньні супрацоўніцтва.
Пагадненьне аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ і рэжым свабоднага гандлю дзейнічаюць у поўным аб’ёме ўжо год, украінская эканоміка аднаўляецца і дэманструе рост, адзначыў старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск.
На перамовах з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам Эўразьвяз прадстаўлялі Дональд Туск і кіраўнік Эўрапейскай камісіі Жан-Клёд Юнкер. На сумеснай прэс-канфэрэнцыі па выніках саміту Дональд Туск адзначыў, што ў 2017 годзе ўзаемны тавараабарот узрос на 24%. Абʼём эканомікі Ўкраіны павялічыўся на 2,5% ў 2017 годзе, а ў 2018-м ён чакаецца на ўзроўні 3,5%. За паўгоду пасьля лібэралізацыі візавага рэжыму больш за паўмільёна ўкраінскіх грамадзян скарысталіся новымі магчымасьцямі.
Гаворачы аб праблеме анэксіі Крыму і Севастопалю, Туск падкрэсьліў, што пазыцыя Эўразьвязу застаецца цьвёрдай. Праведзеныя на Крымскай паўвысьпе расейскія прэзыдэнцкія выбары і пабудова Керчанскага моста бяз згоды Ўкраіны, пацягнулі за сабой пашырэньне санкцыйнага сьпісу супраць Расеі.
Лідэры Ўкраіны і ЭЗ падкрэсьлілі неабходнасьць поўнага выкананьня Менскіх пагадненьняў усімі бакамі, заявіўшы пра адказнасьць Расеі за разьвязваньне вайны на ўсходзе Ўкраіны. Ад 2014 году ААН зарэгістравала больш як 10 тысяч 250 загінулых і 24 тысячы 600 параненых. Пры адсутнасьці прагрэсу ва ўрэгуляваньні канфлікту, лідэры ЭЗ прынялі ў чэрвені 2018 рашэньне аб працягу эканамічных санкцый у дачыненьні да некаторых сэктараў расейскай эканомікі.
Старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск ізноў заклікаў да вызваленьня з-за кратаў незаконна асуджанага ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова ды іншых незаконна асуджаных, што ўтрымлiваюцца ў крымскіх і расейскіх турмах.