Лідэры Гішпаніі і Каталёніі сустрэліся ў Мадрыдзе ўпершыню пасьля крызісу

Жуакім Тора

У панядзелак у Мадрыдзе прайшла сустрэча кіраўнікоў Гішпаніі і аўтаномнай Каталёніі — першая пасьля палітычнага крызісу, зьвязанага зь леташнім рэфэрэндумам аб каталёнскай незалежнасьці.

Прэм’ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс заявіў, што мэта ягонай сустрэчы з кіраўніком каталёнскага ўраду Жуакімам Торам — «зрабіць першыя крокі, каб вярнуць Гішпанію да нармальнага жыцьця».

Сацыяліст Санчэс узначаліў гішпанскі кабінэт міністраў у мінулым месяцы пасьля таго, як парлямэнт выказаў недавер кабінэту Марыяна Рахоя. Рахой адкідаў дыялёг з прыхільнікамі аўтаноміі і ўвёў у Каталёніі наўпроставае кіраваньне Мадрыду пасьля рэфэрэндуму аб незалежнасьці. Яно было адмененае пасьля новых выбараў у каталёнскі парлямэнт, на якіх зноў перамаглі незалежнікі.

Пэдра Санчэс — прыхільнік адзінства Гішпаніі, аднак, паводле яго, спадзяецца на дыялёг з каталёнскімі ўладамі.

Жуакім Тора, як паведамлялася перад сустрэчай, ня меў намеру ставіць на ёй пытаньне аб незалежнасьці Каталёніі. Паводле прадстаўніка гішпанскага ўраду, на сустрэчы было дамоўлена аб аднаўленьні працы двухбаковай камісіі для вырашэньня праблем у адносінах паміж Мадрыдам і Барсэлёнай.

Новы лідэр Каталёніі ўключыў ва ўрад зьняволеных палітыкаў і ўцекачоў