Дзяржсакратар ЗША прыбыў у Пхэньян на ядзерныя перамовы

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо прыбыў у Пхэньян на перамовы, прысьвечаныя ўдакладненьню асаблівасьцяў працэсу дэнуклеарызацыі Паўночнай Карэі і паляпшэньню стасункаў паміж дзьвюма краінамі.​

Гэта трэці візыт Пампэо ў Пхэньян з красавіка і першы пасьля саміту прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і лідэра Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына, які адбыўся 12 чэрвеня.

«Нашы лідэры на саміце ў Сынгапуры ўзялі на сябе абавязаньні поўнай дэнуклеарызацыі Паўночнай Карэі і вызначылі, як могуць выглядаць трансфармаваныя дачыненьні паміж ЗША і КНДР», — заявіў Пампэо ў самалёце да прыбыцьця ў Паўночную Карэю.

Паводле яго, пасьля саміту кансультацыі працягваліся.

Пампэо сустракаўся з Кімам падчас абедзьвюх сваіх папярэдніх паездак — у траўні перад самітам і ў пачатку красавіка, калі ён быў яшчэ дырэктарам ЦРУ.

Пампэо будзе весьці перамовы ў КНДР 6 і 7 ліпеня, а потым паедзе ў Японію.