Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь выступіла з шэрагам ініцыятыў, накіраваных на ўмацаваньне бясьпекі ў рэгіёне, аднак міжнародная супольнасьць ня робіць у гэтым напрамку ніякіх рэальных крокаў.
Заява прагучала на сустрэчы з выпускнікамі вайсковых ВНУ.
«Наша краіна прапанавала сусьветнай супольнасьці знешнепалітычныя ініцыятывы, у аснове якіх ляжаць ідэі зьніжэньня напружанасьці і ўмацаваньня захадаў даверу ў рэгіёне. Быццам бы нас і чуюць, але ніякіх дзеяньняў пакуль ня робяць — незразумела, чаму», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Лукашэнка адзначыў, што ў сучасным сьвеце адбываецца пашырэньне ваенных блёкаў. На яго перакананьне, маўкліва назіраць за гэтым недапушчальна:
«У арсэнале міжнародных адносінаў адным з інструмэнтаў зьнешняй палітыкі па-ранейшаму застаецца ўзброеная агрэсія. Мае месца пашырэньне ваенных саюзаў ва ўрон бясьпецы іншых краінаў».
Лукашэнка заявіў, што Беларусь праводзіць міралюбівую зьнешнюю палітыку, а беларусы цэняць перадусім бясьпеку і незалежнасьць.
«І гэтыя важнейшыя дасягненьні нашага народа маюць патрэбу, натуральна, у надзейнай абароне», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да маладых афіцэраў.