Купальле, папараць-кветка і чорны кот: гішпанскі мастак намаляваў 9-павярховы мурал у Менску

Ідэя малюнка, як распавёў Свабодзе сам мастак, прыйшла да яго ў той момант, калі ён ужо прыляцеў у Беларусь. Некалькі дзён ён прыглядаўся да нацыянальнай культуры і традыцый.

Элементы малюнка склаліся з таго, што пасьпеў адчуць і пабачыць мастак за некалькі дзён. Так, папараць-кветка стала сымбалем сьвята Купальле, якое адбудзецца ўжо зусім неўзабаве.  

Ваза з птушкай — адлюстроўваньне нявіннасьці і чысьціні дзяўчыны, якая зьяўляецца асноўным «кампанэнтам» малюнка.

Сам мастак ня любіць паказваць свой твар і фатаграфавацца. Ён лічыць, што ягоныя працы адлюстроўваюць ягоныя погляды на жыцьцё і пасланьне да сьвету лепш за ўсё.

Агулам, у кампазыцыі пераплялося адразу некалькі момантаў. Купальле, прыгажосьць і чысціня беларускіх дзяўчын, нацыянальныя традыцыі і Купальле, а таксама кот, які ня толькі сымбалізуе дабрабыт, але і можа заглянуць у паралельны сьвет.

Да таго ж, як пасьмяяўся сам мастак, першае, што ён пабачыў, калі прыехаў да сьцяны - гэта купка чорных катоў, якія жывуць на прыступках гэтага дому. Таму зьяўленне чорнага ката як часткі кампазыцыі было толькі пытаньнем часу.