ЗША сьвяткуюць Дзень незалежнасьці: мільярд на фэервэркі

Дзень незалежнасьці ЗША, 2015 год

Неад’емнай часткай гэтага сьвята сталі парады, фэервэркі, барбэк’ю і... чэмпіянат паяданьня хот-догаў.

Амэрыканцы па ўсёй краіне адзенуцца 4 ліпеня ў чырвона-бела-блакітныя колеры, каб адзначыць Дзень незалежнасьці парадамі, фэервэрк і барбэк’ю.

Сьвята ўстанавілі ў гонар падпісаньня Дэклярацыі незалежнасьці айцамі-заснавальнікамі краіны ў 1776 годзе.

Падчас Амэрыканскай рэвалюцыі юрыдычнае аддзяленьне 13 калёній ад Вялікай Брытаніі папраўдзе адбылося 2 ліпеня 1776 году, калі Другі кантынэнтальны кангрэс прагаласаваў за рэзалюцыю аб незалежнасьці, прапанаваную ў чэрвені Рычардам Генры Лі, які прадстаўляў Вірджынію. Дакумэнт абвяшчаў незалежнасьць Злучаных Штатаў ад брытанскага праўленьня.

Дзень незалежнасьці ЗША, 2015 год

Прагаласаваўшы за незалежнасьць, Кангрэс засяродзіў сваю ўвагу на Дэклярацыі, якая тлумачыла гэтае рашэньне. Асноўным аўтарам дакумэнту быў Томас Джэфэрсан.

Пасьля абмеркаваньня і зьмены некаторых фармулёвак Кангрэс канчаткова зацьвердзіў Дэклярацыю незалежнасьці праз два дні, гэта значыць 4 ліпеня.

Днём Раней Джон Адамс, адзін з айцоў-заснавальнікаў, напісаў сваёй жонцы Эбігейл: «Другі дзень ліпеня 1776 году стане самай незабыўнай вяхой у гісторыі Амэрыкі. Я схільны лічыць, што будучыя пакаленьні адзначацьмуць яго як вялікае штогадовае сьвята. Ён павінен урачыста сьвяткавацца з пампэзнасьцю і парадамі, шоў, гульнямі, спартовымі спаборніцтвамі, гарматамі, званамі, вогнішчамі і ілюмінацыяй ад аднаго краю кантынэнта да другога — з гэтага моманту і назаўжды».

На першых урачыстасьцях з нагоды 4 ліпеня, які праходзілі ў Філядэльфіі ў 1777 годзе, далі 13 гарматных залпаў — па адным у гонар кожнай калёніі. Увечары таго ж дня ў гарадзкім парку запусьцілі 13 фэервэркаў.

Дзень незалежнасьці — гэта нацыянальнае сьвята, для якога характэрная праява патрыятызму.

Як і многія іншыя летнія мерапрыемствы, урачыстасьці з нагоды 4 ліпеня часта праводзяцца на адкрытым паветры. Многія палітыкі лічаць сваім абавязкам зьявіцца на публічным мерапрыемстве, каб аддаць славу спадчыне і законам краіны, яе гісторыі, грамадзтву і народу.

Фэервэркі на Дзень незалежнасьці ЗША, 2016 год

У Дзень незалежнасьці амэрыканскія семʼі часта ладзяць пікнікі або барбэк’ю, многія выкарыстоўваюць дадатковы выхадны, а ў некаторыя гады — доўгі ўік-энд, каб сабрацца з сваякамі або сябрамі.

Сьвяточныя дэкарацыі звычайна чырвоныя, белыя і блакітныя — колеру амэрыканскага сьцяга. Парады звычайна праводзяцца раніцай, пасьля чаго семʼі зьбіраюцца разам. А ўвечары, пасьля таго, як сьцямнее, у парках, на гарадзкіх плошчах і ў іншых месцах запускаюцца фэервэркі.

Паводле Амэрыканскай піратэхнічнай асацыяцыі, у 2017 годзе жыхары краіны выдаткавалі на фэервэркі больш за мільярд даляраў. За 20 апошнія гадоў гэтая сума амаль патроілася.

У Дзень незалежнасьці амэрыканцы ядуць каля 150 мільёнаў хот-догаў. Калі выцягнуць іх у адну лінію, то можна пяць разоў пераадолець адлегласьць ад Вашынгтону да Лос-Анджэлеса.

Славуты чэмпіянат паяданьня хот-догаў праводзіцца кожны год 4 ліпеня ўжо больш за 100 гадоў. Цяперашнім рэкардсмэнам зьяўляецца Джой Чэстнат, які паглынуў 72 хот-догі за 10 хвілін.