Парашэнка: Украіна імкнецца ўступіць у Эўразьвяз да 2025 году

Пятро Парашэнка і Аляксандар Вучыч

Украіна падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Сэрбіі, а Сэрбія — тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, агульнай жа мэтай дзьвюх краінаў зьяўляецца ўступленьне ў Эўразьвяз да 2025 году. Пра гэта пасьля перамоваў у Бялградзе 3 ліпеня заявілі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч.

У адносінах паміж дзьвюма краінамі няма супярэчнасьцяў, адзначылі прэзыдэнты. Вучыч выказаў надзею, што Ўкраіна ўсе праблемы пераадолее мірным шляхам на падставе Менскіх пагадненьняў. Закрануўшы тэму Косава, Парашэнка выступіў за кампраміс паміж Бялградам і касаварамі.

Парашэнка і Вучыч узялі ўдзел у адкрыцьці ўкраінскага-сэрбскага бізнэс-форуму, удзельнікі якога выступалі за пашырэньне эканамічнага супрацоўніцтва.

Раней сёньня Пятро Парашэнка паведаміў аб пашырэньні пагадненьня пра бязьвізавы рэжым з Сэрбіяй, дзякуючы якому грамадзяне Ўкраіны змогуць знаходзіцца ў гэтай краіне да 90 сутак без афармленьня візы.

Прэзыдэнт Украіны 3 ліпеня знаходзіцца ў Сэрбіі з афіцыйным візытам.