Пуцін назваў часткі расейскай арміі імёнамі ўкраінскіх і беларускіх гарадоў

У расейскай арміі зьявіліся «гвардзейскі Львоўскі», «гвардзейскі Жытомірска-Бэрлінскі», «Кобрынскі» палкі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указы аб прысваеньні ганаровых найменьняў шэрагу частак расейскай арміі, у прыватнасьці, імёнаў украінскіх гарадоў Жытоміра і Львова, беларускіх Віцебска і Кобрына.

Пра гэта гаворыцца ва Ўказах, апублікаваных на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі Расеі. У дакумэнтах пазначана, што ўказы падпісаны 30 чэрвеня «у мэтах захаваньня слаўных вайсковых гістарычных традыцыяў, выхаваньня вайскоўцаў у духу адданасьці Радзіме і вернасьці вайсковаму абавязку».

У прыватнасьці, 6-ы танкавы полк расейскай арміі цяпер мае ганаровае найменьне «гвардзейскі Львоўскі», 68-ы танкавы полк — «гвардзейскі Жытомірска-Бэрлінскі», 163-ці танкавы полк — «гвардзейскі Нежынскі».

Некаторыя расейскія вайсковыя часткі атрымалі назвы расейскіх гарадоў і гарадоў іншых краін: 90-я гвардзейская танкавая Віцебска-Наўгародзкая дывізія, 856-ы гвардзейскі самаходны артылерыйскі Кобрынскі полк, 102-гі мэханізаваны Слонімска-Памэранскі полк, 381-ы гвардзейскі артылерыйскі Варшаўскі полк.

Акрамя таго, 400-ы самаходны артылерыйскі полк атрымаў ганаровае найменьне «Трансыльванскага», 144-я мотастралковая дывізія стала гвардзейскай Ельнінскай, 150-я мотастралковая дывізія — Ідрыцка-Бэрлінскай, а 933-ці зэнітны ракетны полк — Верхнедняпроўскі.