На кінафэстывалі ў Карлавых Варах нагадалі пра Алега Сянцова

У часе сусьветнай прэм’еры ўкраінскага фільма «Вулькан» на міжнародным кінафэстывалі ў чэскім горадзе Карлавы Вары рэжысэр Раман Бандарчук нагадаў пра зьняволенага ў Расеі ўкраінскага кінарэжысэра Алега Сянцова.

«Я хачу прыцягнуць увагу да Алега, майго калегі, які ўжо 49 дзень галадае ў расейскай турме. Мы павінны памятаць пра яго і яшчэ пра 60 палітвязьняў», — заявіў украінскі рэжысэр са сцэны Муніцыпальнага тэатру, дзе праходзіла прэмʼера фільма.

У зале кінатэатру разьмясьцілі плякат «Free Sentsov», — паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Украінскі поўнамэтражны мастацкі фільм «Вулькан» рэжысэра Рамана Бандарчука ўвайшоў сёлета ў конкурсную праграму 53-га міжнароднага кінафэстывалю ў Карлавых Варах. Ён паказваецца ў фэстывальнай сэкцыі «На Ўсход ад Захаду».

У гэтай жа сэкцыі паказалі фільм беларускай рэжысэркі Дар’і Жук «Крышталь». Стала вядома, што гэты фільм Беларусь вылучыла на «Оскара».


Беларусь вылучыла фільм «Крышталь» на «Оскара». Эксклюзіўнае інтэрвію