Міністэрства абароны ЗША аналізуе кошт і наступствы вываду амэрыканскіх войскаў з ваенных баз у Нямеччыне. Пра гэта паведамляе The Washington Post са спасылкай на крыніцы.
Суразмоўцы выданьня адзначаюць, што канкрэтныя варыянты вываду вайскоўцаў Пэнтагон пакуль не разглядае, а толькі аналізуе інфармацыю.
У Пэнтагоне The Washington Post заявілі, што падобныя праверкі праводзяцца рэгулярна. Некаторыя крыніцы мяркуюць, што аналіз мог быць арганізаваны спэцыяльна, напярэдадні ліпеньскага саміту NATO ў Брусэлі.
У Нямеччыне разьмешчаныя 35 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў.
The Washington Post адзначае, што магчымасць вываду кантынгенту зацікавіла прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў пачатку 2018 году.
Учора, выступаючы перад журналістамі на борце свайго самалёта, Трамп адзначыў, што эўрапейскія краіны, і ў прыватнасьці Нямеччына, мала інвэстуюць у дзейнасьць NATO. На думку Трампа, такі падыход зьяўляецца «несумленным» ў адносінах да Злучаных Штатаў.