Зьмененыя кіраўнікі ўсіх абласных упраўленьняў, апроч Гомельскага.
Уладзімер Калач прызначаны намесьнікам старшыні КДБ (раней узначальваў УКДБ па Менску і Менскай вобласьці);
Дзьмітры Рэўцкі — начальнікам УКДБ па Менску і Менскай вобласьці (раней узначальваў адно з упраўленьняў цэнтральнага апарата);
Алег Сталярчук — начальнікам УКДБ па Віцебскай вобласьці (раней узначальваў «Інстытут нацыянальнай бясьпекі»);
Аляксандар Церахаў — начальнікам УКДБ па Магілёўскай вобласьці (раней меў такую ж пасаду ў Гарадзенскай вобласьці);
Аляксандар Невяроўскі — начальнікам УКДБ па Гарадзенскай вобласьці (раней меў такую ж пасаду ў Магілёўскай вобласьці);
Сяргей Гладышаў — начальнікам УКДБ па Брэсцкай вобласьці;
Вячаслаў Язэрскі — начальнікам ДУА «Інстытут нацыянальнай бясьпекі» (раней быў начальнікам УКДБ па Брэсцкай вобласьці).
Пра новыя прызначэньні паведаміла дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.
«Я вас адмыслова запрасіў, каб пагаварыць пра праблемы КДБ. Мушу сказаць, што супакойвацца нам ніхто ня дасьць. У нас ня так спакойна і вакол краіны — і гэта часткова ваша праблема, ваша задача, — але там у нас ёсьць ваенныя, яны мусяць забясьпечыць ваенную бясьпеку дзяржавы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі ведамства. — Але галоўная ваша задача — гэта бясьпека тых працэсаў і таго становішча дзяржавы, якія забясьпечваюцца ўнутры. Гэта ўнутраная бясьпека. І вам вялікі давер. Але і вялікія патрабаваньня. Я хачу, каб вы гэта разумелі».
Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што атрымлівае ад КДБ «аб’ектыўную інфармацыю» і папярэдзіў пра недапушчальнасьць карупцыі і «кампанейшчыны».
«Камітэт заўжды ў любым нашым грамадзтве, і ў савецкія часы, а цяпер тым больш, быў пэўным чысьцілішчам нашага грамадзтва. І я хачу, каб камітэт быў такім чысьцілішчам, каб там былі сумленныя, прынцыповыя, разумныя прафэсіяналы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Я яшчэ з дэпутацкіх часоў памятаю добрых маладых хлапцоў, зь якімі я працаваў насуперак кіраўніцтву КДБ, якія патаемна прыносілі мне дакумэнты, характарызуючы тых ці іншых карупцыянэраў у вышэйшых эшалонах улады, — распавёў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта былі шчырыя маладыя хлапцы, якія разумелі, што так быць ня мусіць. І з тых часоў у мяне, нават з пэўных савецкіх часоў, склаліся самыя добрыя ўспаміны і меркаваньне пра КДБ. Таму я і давяраю КДБ. Але каму давяраеш, таго трэба і сур’ёзна правяраць».
Старшыня КДБ Валер Вакульчык распавёў, што кадравыя прызначэньні рыхтаваліся паўгоду.