Лідэры Эўразьвязу працягнулі санкцыі супраць Расеі за яе агрэсію ва Ўкраіне

Лідэры Эўрапейскага Зьвязу на саміце ў Брусэлі, 28 чэрвеня 2018 году

Лідэры Эўрапейскага Зьвязу дамовіліся аб працягу эканамічных санкцый, якія маюць на мэце пакараць Расею за яе агрэсію ва Ўкраіне. Такое рашэньне прынялі падчас вячэры на саміце ЭЗ у Брусэлі.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель праінфармавалі ўдзельнікаў саміту аб стане выкананьня менскіх пагадненьняў і заклікалі лідэраў падоўжыць санкцыі.

Санкцыі, якія дзейнічаюць супраць расейскага банкаўскага і энэргетычнага сэктараў, упершыню былі ўведзеныя летам 2014 году, пасьля таго, як Расея анэксавала ўкраінскі Крымскі паўвостраў і стала падтрымліваць прарасейскіх баевікоў на ўсходзе Ўкраіны.

Лідэры ЭЗ заявілі, што санкцыі ня будуць адмененыя, пакуль Расея ды іншыя бакі канфлікту не дасягнуць посьпехаў у рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў.

Санкцыі аднаўляюцца кожныя паўгода ад 2014-га.

За больш як чатыры гады на Данбасе загінулі звыш 10 тысяч 300 чалавек.