Старшыня КДБ: Інфармацыі пра маштабныя карупцыйныя схемы будзе значна больш

Старшыня КДБ Валеры Вакульчык

Здабыткам галоснасьці стала яшчэ ня ўся інфармацыя пра карупцыйныя злачынствы, сказаў 28 чэрвеня старшыня Камітэту дзяржбясьпекі Валеры Вакульчык у Савеце рэспублікі.

«Сьледзтва працягваецца, тую інфармацыю, якую маглі, мы далі, — сказаў кіраўнік ведамства, камэнтуючы гучную „справу мэдыкаў“ . — Зараз усе апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы накіраваныя на ўсебаковы разбор матэрыялаў. Вядома, гэта зойме досыць доўгі час. Думаю, два-тры месяцы ў лепшым выпадку, таму што аб’ём працы ў сьледчых вельмі вялікі».

Інфармацыя будзе дапаўняцца, цытуе Валерыя Вакульчыка агенцтва БелаПАН, апублікаваная інфармацыя ня носіць вычарпальнага характару.

«Пытаньняў там дастаткова, кожны эпізод трэба дасьледаваць і даказваць. Там жа ня толькі адзін чалавек, і па кожным шэрагу эпізодаў», — сказаў ён.

25 чэрвеня кіраўнік КДБ паведаміў пра выкрыцьцё маштабнай карупцыйнай схемы ў сфэры аховы здароўя.

Пастаўкі мэдычных прэпаратаў і тэхнікі ішлі праз ланцужок шматлікіх фірмаў-пракладак, зьвязаных са службовымі асобамі, а добрасумленныя пастаўшчыкі не заўсёды дапускаліся да працы.

У выніку кошт лекаў і абсталяваньня завышаўся да 60%, у асобных выпадках — у два разы. Розьніца ішла ў кішэні карупцыянэраў.
Затрымана блізу 50 чалавек, 33 зь іх — службовыя асобы.

Разавыя незаконныя грашовыя ўзнагароджаньні даходзілі да 10 тысяч даляраў, а асобным службовым асобам — да 350 тысяч даляраў за адзін раз.