КНДР упершыню за шмат гадоў не правяла антыамэрыканскі мітынг

Мітынг у Пхэньяне 25 чэрвеня 2014 году

Паўночная Карэя — упершыню за шмат гадоў — адмовілася ад правядзеньня антыамэрыканскага масавага мітынгу ў гадавіну пачатку Карэйскай вайны 25 чэрвеня.

У мінулым годзе ў гэты дзень на плошчы Кім Ір Сэна ў Пхэньяне сабраліся каля 100 тысяч чалавек пад антыамэрыканскімі лёзунгамі. У гэтым годзе, аднак, ніякіх масавых мерапрыемстваў у сталіцы КНДР не праводзілася.

У паўночнакарэйскіх СМІ зьявіліся матэрыялы пра гадавіну пачатку вайны 1950-1953 гадоў, аднак, як паведамляюць назіральнікі, іх галоўная тэматыка ў гэтым годзе — гераізм паўночнакарэйскіх салдат. Крытыкі ж у адрас Злучаных Штатаў і іх «імпэрыялістычнай палітыкі» практычна няма.

Улады Паўночнай Карэі не далі ніякіх тлумачэньняў у сувязі са зьменай фармату урачыстасьцяў. Заходнія агенцтвы і дыпляматы перакананыя, што рэжым у Пхэньяне тым самым дэманструе прыхільнасьць дамоўленасьцям, дасягнутым на сустрэчы лідэра КНДР Кім Чэн Ына з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, аб паступовай нармалізацыі адносін.

Кім на сустрэчы заявіў аб прыхільнасьці ідэі ядзернага раззбраеньня, аднак дакладныя даты, калі КНДР дэмантуе свой ядзерны арсэнал, ня вызначаныя.