Вайскоўцы кампэнсавалі страты кіроўцу, на чыю машыну наехала БМП

Афіцэры 6-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады Заходняга апэратыўнага камандаваньня яшчэ раз прынесьлі свае выбачэньні за здарэньне перад пацярпелым у ДТЗ.

Рашэньнем афіцэрскага сходу брыгады кіроўцу «Volkswagen» былі кампэнсаваныя нанесеныя страты за кошт сродкаў афіцэрскага сходу.

Такую інфармацыю апублікавала на сваім сайце Міністэрства абароны.

Крыніца, якая прасіла не называць свайго імя, паведаміла Свабодзе, што сума кампэнсацыі, якую сабралі афіцэры брыгады, склала каля 5600 рублёў.

Здарэньне адбылося каля 16:30 22 чэрвеня на скрыжаваньні дарог у мікрарёне Ласосна на ўскрайку Горадні.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, «мэханік-кіроўца баявой машыны пяхоты, якая рухалася ў складзе арганізаванай калёны вайсковай тэхнікі, ня справіўся з кіраваньнем і зьдзейсьніў сутыкненьне зь легкавым аўтамабілем».

Паводле сайту autogrodno.by, разьбітым шклом кіроўцу парэзала руку, і больш ніякіх траўмаў у яго няма, хоць ён быў заціснуты ў машыне 10-15 хвілін.

Пацярпелы кіроўца кампэнсацыяй задаволены.