Пуцін прызначыў сваім дарадцам зяця Ельцына 

Валянцін Юмашаў з жонкай Тацянай, дачкой Барыса Ельцына.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прызначыў былога кіраўніка ельцынскай адміністрацыі Валянціна Юмашава сваім дарадцам на грамадзкіх пачатках. Адпаведнае распараджэньне апублікавана на сайце Крамля.

Зяць першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына Валянцін Юмашаў узначальваў яго адміністрацыю з 1997 па 1998 год. Да гэтага ён быў членам перадвыбарнага штабу Ельцына і дарадцам кіраўніка дзяржавы ў пытаньнях узаемадзеяньня са СМІ.

У Крамлі сьцьвярджаюць, што Юмашаў быў дарадцам прэзыдэнта апошнія 18 гадоў (прэзыдэнтамі Расеі ў гэты час былі Ўладзімір Пуцін і Дзьмітрый Мядзьведзеў). Афіцыйна пра гэта, аднак, не абвяшчалася.

Пуцін таксама прызначыў сваім дарадцам Абубакара Эдэльгерыева, які з 2012 году займаў пасаду кіраўніка ўраду Чачні, а да гэтага быў міністрам сельскай гаспадаркі рэспублікі.