Трамп дапусьціў правядзеньне сустрэчы з Пуціным у ліпені

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп дапусьціў, што сустрэча з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным можа адбыцца ў ліпені. Пра гэта паведамляе Bloomberg.

Агенцтва мяркуе, што прэзыдэнты могуць сустрэцца да саміту NATO ў Бруселі. Ён пройдзе 11 і 12 ліпеня. Другі магчымы варыянт сустрэчы — пасьля візыту Трампа ў Вялікабрытанію. Паездка прызначаная на 13 ліпеня.

У чацьвер Белы дом афіцыйна пацьвердзіў візыт дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы ў Маскву. Джон Болтан абмяркуе там магчымую сустрэчу Трампа і Пуціна. Афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Гарэт Маркіс удакладніў, што на наступным тыдні Болтан накіруецца ў Лёндан і Рым, каб абмеркаваць пытаньні бясьпекі, а затым накіруецца ў Маскву.

Раней СМІ паведамілі, што сустрэча лідэраў Расеі і Злучаных Штатаў можа адбыцца пасьля саміту NATO ў Брусэлі. У Вялікабрытаніі выказалі засьцярогу што да магчымай сустрэчы Пуціна і Трампа да саміту Паўночнаатлянтычнага саюзу, бо гэта, на думку Лёндана, можа паставіць пад пагрозу яго адзінства. Іншыя крыніцы называюць магчымым месцам сустрэчы прэзыдэнтаў Вену.

19 чэрвеня прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў, камэнтуючы магчымыя перамовы лідэраў Расеі і ЗША, выключыў сустрэчу Пуціна і Трампа да саміту NATO.