«Нацыянальны корпус» кінуў намесьніка мэра Харкава ў сьмецьцевы бак. ВІДЭА

Лідэры ўкраінскіх ультраправых партыяў пасьля падпісаньня "Нацыянальнага маніфэсту", Алег Цягнібок (Свабода), Андрэй Тарасенка (Правы сэктар), Андрэй Білецкі (Нацыянальны корпус), сакавік 2017

Намесьніка мэра Харкава Андрэя Рудэнку актывісты руху «Нацыянальны корпус» кінулі ў сьмецьцевы бак перад будынкам мэрыі.

Пазьней бак з Рудэнкам унутры выкацілі з двара на вуліцу.

Чальцы «Нацыяльнага корпусу» прыйшлі на пасяджэньне гарадзкой рады з патрабаваньнем спыніць забудову ўчастку каля мясцовага стадыёну. Ахова не прапусьціла іх унутр. Пасьля таго, як паміж актывістамі і аховай пачаліся сутычкі, адзін з ахоўнікаў распыліў сьлезацечны газ.

Пазьней да пратэстоўцаў выйшаў Рудэнка, якога маніфэстанты схапілі і засунулі ў сьмецьцевы бак.

Да будынку мэрыі прыехала пажарная машына і «хуткая» — у будынку спрацавала пажарная сыгналізацыя і пачалася эвакуацыя. Гэта адбылося з-за дыму ад фаераў, якія чальцы «Нацыянальнага корпуса» запалілі каля будынка.

Гэта не першы раз, калі ва Ўкраіне кідаюць у сьмецьцевыя бакі чыноўнікаў. Увосень 2014 года актывісты «Правага сэктару» запусьцілі падобны флэшмоб, караючы чыноўнікаў, якіх яны лічылі замяшанымі ў карупцыі. У сьмецьцевых баках аказваліся:

  • Кіраўнік абласнога аддзелу Фонду сацыяльнага страхаваньня Алег Рудэнка
  • Дэпутат Вярхоўнай Рады Віталь Жураўскі
  • Дэпутат Вярхоўнай Рады Віктар Піліпішын
  • Дэпутат Кіраваградзкай абласной Рады Мікалай Карэцкі
  • Намесьнік старшыні Ровенскай абласной Рады Аляксандар Данільчук
  • Намесьнік старшыні Чаркаскай абласной Рады Ўладзімер Воўчанка

Нацыянальны корпус – украінская палітычная партыя, створаная ў кастрычніку 2016 году. Асновай партыі сталі актывісты грамадзкай арганізацыі «Грамадзянскі Корпус «Азоў»», былыя вайскоўцы добраахвотніцкага палку «Азоў», грамадзкія актывісты і чальцы ўкраінскіх груповак футбольных заўзятараў. Лідэрам партыі зьяўляецца Андрэй Білецкі, былы камандзір палку «Азоў», дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны.