Францыя лічыць, што ЗША і Эўропа кіруюцца рознымі каштоўнасьцямі

Уцякачка з дзіцём на мэксіканска-амэрыканскай мяжы

Прадстаўнік францускага ўраду пракамэнтаваў сытуацыю з разлучэньнем бацькоў зь іх дзецьмі на мяжы ЗША.

Эўропа і ЗША не вызнаюць адны і тыя ж каштоўнасьці, заявіў у аўторак прадстаўнік францускага ўраду Бэнджамін Грыво.

Яго заява прагучала на фоне абурэньня з нагоды палітыкі, якую праводзіць адміністрацыя прэзыдэнта Дональда Трампа, у межах якой разлучаюцца бацькі- імігранты і іх дзеці, якія прыбываюць у ЗША празь мяжу з Мэксыкай.

Бэнжамін Грыво заявіў, што не хацеў бы ўбачыць у Эўропе тое, што адбываецца ў ЗША.

«У нас розныя мадэлі цывілізацыі і, відавочна, мы не падзяляем пэўныя каштоўнасьці», — сказаў Грыво тэлеканалу France 2.

Нагодай для абурэньня стала палітыка «нулявой цярпімасьці», якая праводзіцца Трампам, у адпаведнасьці зь якой мігрантам, затрыманым пры незаконным перасячэньні мяжы ЗША, прадʼяўляюцца крымінальныя абвінавачваньні.