Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў Расею вызваліць Сянцова

Гэзэр Наўэрт, прасавая сакратарка дзярждэпартамэнту ЗША

Зьнешнепалітычнае ведамства ЗША заклікала Расею неадкладна вызваліць украінскіх палітвязьняў Алега Сянцова, Станіслава Клыха, Уладзіміра Балуху і Аляксандра Шумкова. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэсавай сакратаркі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт.

У заяве згадваюцца іншыя вязьні сумленьня, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх турмах. Гэта чачэнскі праваабаронца Аюб Ціціеў, прадстаўнік рэлігійнай арганізацыі «Сьведкі Яговы» Дэніс Крыстэнсэн, пяцёра прапаведнікаў-саентолягаў і больш за дзясятак мусульманскіх пасьлядоўнікаў турэцкага багаслова Саіда Нурсі.

14 чэрвеня кіраўніцтва калёніі, дзе ўтрымліваецца крымскі рэжысёр Алег Сянцоў, адмовіла ўкраінскай упаўнаважанай па правах чалавека ў наведваньні і прадстаўленьні інфармацыі аб стане здароўя вязьня. Упаўнаважанай Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміле Дзянісавай не ўдалося сустрэцца ў суботу, 16 чэрвеня, з палітвязьнем Мікалаем Карпюком у расейскім горадзе Ўладзіміры.

У траўні 2016 суд у расейскай рэспубліцы Чачня засудзіў украінца Мікалая Карпюка на 22,5 гады па абвінавачваньні ва ўдзеле ў першай чачэнскай вайне. Ён віну адмаўляе і заяўляе, што ніколі ня быў у Чачні. Карпюк кажа, што быў захоплены расейскімі сілавікамі незаконна, а паказаньні і прызнаньні былі атрыманыя расейскім сьледзтвам пад катаваньнямі. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» у Расеі прызнаў Карпюка палітвязьнем.

Алега Сянцова асудзілі да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў арганізацыі тэрактаў на тэрыторыі Крыму. Сянцоў сваёй віны не прызнаў. У траўні ён абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем вызваліць з расейскіх турмаў украінскіх палітвязьняў. Сянцоў трымае галадоўку ўжо 35 дзён.